Барава́я Слабада́[1] (трансліт.: Baravaja Slabada, руск.: Боровая Слобода) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Пярэжырскага сельсавета.
У 1880 годзе адкрыта школа царкоўнай граматы. Пасля 1917 года была створана працоўная школа 1-ай ступені (35 вучняў у 1922). У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года была пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад БССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года вёска знаходзілася пад акупацыяй войскаў Польшчы.
З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная войскамі нацысцкай Германіі.
Да 20 студзеня 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Навапольскага сельсавета Рудзенскага раёна, пасля скасавання якога перададзена ў склад Пухавіцкага раёна[2]. 1 красавіка 1960 года ўключана ў склад Пярэжырскага сельсавета[3].
З 2002 года пастаянных жыхароў няма, ёсць сезонныя жыхары.
Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Узлянскага сельсавета.