wd wp Пошук:

Балеарская аперацыя

Балеарская аперацыя (7 жніўня — 20 верасня 1936) — спроба рэспубліканцаў выбіць нацыяналістаў з Балеарскіх астравоў падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі.

Перадгісторыя

Падчас ліпеньскага путчу 1936 года нацыяналістам удалося ўзяць пад кантроль усе Балеарскія астравы, акрамя Меноркі. Пасля падаўлення паўстання ў Мадрыдзе і Барселоне рэспубліканцы перайшлі ў наступленне па ўсіх напрамках. Ужо 23 ліпеня Рэспубліканская авіяцыя нанесла бомбавы ўдар па Пальме і Кабрэра. У пачатку жніўня яны вырашылі адбіць Балеары ў нацыяналістаў.

Ход падзей

2 жніўня 1936 года калона каталонскай міліцыі пад кіраўніцтвам Альберта Баё прыбыла на востраў Менорка і пачала рыхтавацца да аперацыі. На наступны дзень Рэспубліканская авіяцыя здзейсніла яшчэ адзін налёт на Пальму. 6 жніўня падрыхтоўка да аперацыі была скончана. План быў падтрыманы Цэнтральным камітэтам антыфашысцкай міліцыі Каталоніі і рэгіянальным урадам Каталоніі; цэнтральны ўрад упадабаў назіраць, не ўмешваючыся.

7 жніўня сфарміраваная ў Валенсіі калона міліцыі пад кіраўніцтвам Мануэля Урыбары захапіла востраў Фарментэра. 8 жніўня сфарміраваная ў Барселоне калона пад кіраўніцтвам Альберта Баё (таксама вядомая як «Балеарская калона») высадзілася на востраве Івіса, і пры дапамозе калоны Урыбары авалодала ім. Аднак пасля гэтага паміж Баё і Урыбары адбыўся раскол, і валенсійская калона Урыбары вярнулася на мацярык. Тым часам 13 жніўня на востраве Кабрэра высадзіліся 400 анархістаў, не звязаных з сіламі Баё — Урыбары. 15 жніўня Баё прыляцеў на Кабрэру і прапанаваў анархістам высадзіцца на востраве Драганера, але тыя адмовіліся ўдзельнічаць у сумеснай аперацыі і вырашылі дзейнічаць самастойна, высадзіўшыся ў Кала-Мандыя і Кала-Ангіла.

16 жніўня 8000 чалавек пад камандаваннем Альберта Баё пры падтрымцы значных сіл рэспубліканскага флоту высадзіліся на востраве Мальёрка і захапілі 7 км яго ўсходняга ўзбярэжжа. Пасля гэтага рэспубліканцы рушылі праз востраў да сталіцы правінцыі.

Сітуацыя рэзка змянілася, калі ў канцы жніўня на дапамогу іспанскім нацыяналістам пачалі прыбываць італьянцы. 26 жніўня ў Пальме высадзіўся Арканавальда Банакорсі, які ўзяў на сябе камандаванне дэзарганізаванымі нацыяналістамі. На дапамогу паўакружаным у Пальме нацыяналістам прыйшлі некалькі італьянскіх ваенных самалётаў. Іх абстрэлы і бамбёжкі з брыючага палёту ўнеслі паніку ў шэрагі дэсантнікаў, якія запатрабавалі вяртання дадому. 2 верасня быў знішчаны зброевы склад рэспубліканцаў, што размяшчаўся ў старой каменяломні, і ў ноч з 4 на 5 верасня міліцыя Баё пачала эвакуацыю з Мальёркі.

Вынікі і наступствы

Праз тыдзень анархісты пакінулі Кабрэру. Банакорсі абвясціў сябе камандуючым усімі войскамі нацыяналістаў на Мальёрцы, і стварыў атрад «Цмокі смерці». 20 верасня ён на чале 500 чалавек высадзіўся на востраве Івіса. У выніку з усіх Балеарскіх астравоў у руках рэспубліканцаў застаўся толькі востраў Менорка, які яны ўтрымлівалі да 1939 года.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Бітвы ў Іспаніі
Катэгорыя·Бітвы і аперацыі грамадзянскай вайны ў Іспаніі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Верасень 1936 года
Катэгорыя·Жнівень 1936 года
Катэгорыя·Гісторыя Балеарскіх астравоў
Катэгорыя·Канфлікты 1936 года
Катэгорыя·1936 год у Іспаніі