У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Немцава. Бажэна Не́мцава (чэшск.: Božena Němcová, дзявочае Ба́рбара Па́нклава (чэшск.: Barbora Panklová); 4 лютага 1820, Вена, Аўстрыйская імперыя — 21 студзеня 1862, Прага, Чэхія, Аўстрыйская імперыя) — чэшская пісьменніца; адна з заснавальнікаў рэалізму ў чэшскай літаратуры.
Літаратурную дзейнасць пачала з апрацовак народных казак: «Народныя казкі і паданні» (ч. 1—7, 1845—1847). Вядомасць прынеслі апавяданні і аповесці пра жыццё сялян: «Барушка» (1853), «Карла» (1855), «Дзікая Бара», «Горная вёска», «У замку і каля замка» (усе 1856) і інш. Лепшы яе твор — «Бабулька» (1855) сцвярджае ідэю адукаванай гуманная улады, што апіраецца на волю і мудрасць народа. Цыклы нарысаў «Карціны домажліцкага наваколля» (1845—1847), «Лісты з Францішкавых лазняў» (1846), «Карціны жыцця славакаў» (1859) і інш. адметныя сацыяльна-палітычнай накіраванасцю. Сабрала і выдала ў перакладзе на чэшскую мову «Славацкія казкі» (1857—1858).