Ардашы́нскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Цэнтр — вёска Ардашы.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года як Вярэбушкаўскі сельсавет у складзе Смаргонскага раёна Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Вярэбушкі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Ардашы, сельсавет перайменаваны ў Ардашынскі[1]. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1960 года скасаваны, тэрыторыя далучана ада Крэўскага сельсавета[2].
20 красавіка 1962 года цэнтр Ракавецкага сельсавета перанесены ў вёску Ардашы, сельсавет перайменаваны ў Ардашынскі. 25 чэрвеня 2008 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Крэўскага сельсавета[3].
На момант скасавання ў склад сельсавета ўваходзілі 23 населеныя пункты: вёскі Ардашы, Арляняты, Балобаны, Баярск, Біцяняты, Вішнёўка, Вярэбушкі, Гейлешы, Каранды, Качаны, Копцевічы, Круглянка, Куты, Малявічы, Мілэйкава, Навасёлкі, Пераходы, Равок, Труханава, Чатыркі, хутары Асманоўка, Вішнёўка, Галавацішкі.