wd wp Пошук:

Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл

«Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл», «Навела пра ажэнства караля Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл» — гісторыка-літаратурны твор, складзены ў сярэдзіне XVI ст., напэўна, у Вільні і змешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» пад 15451548 (Пазнаньскі спіс). У гэтым белетрызаваным творы, бадай, упершыню ў гісторыі старабеларускага прыгожага пісьменства знайшла выразнае адлюстраванне тэма кахання.[1]

У творы апісана гісторыя кахання і шлюбу вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія, ідучы насустрач сваім пачуццям, патаемна павянчаліся ў Вільні. Невядомы аўтар з сатырычным адценнем намаляваў усеагульнае грамадскае асуджэнне ў ВКЛ і Польшчы шлюбу караля з бяздзетнай жанчынай-удавою некаралеўскага роду. Аднак каханне перамагло, Жыгімонт Аўгуст не адмовіўся ад Барбары і застаўся верны сваёй абранніцы.

Сюжэт

Сюжэт «Навелы…», заснаваны на рэальных фактах, блізкі да еўрапейскага авантурнага рамана. Вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзівіл і пачаў уначы таемна наведвацца да яе. Неўзабаве пра інтымную сувязь манарха становіцца вядома па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім і Польскім Каралеўстве. Браты Барбары — уплывовыя магнаты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны — просяць Жыгімонта не ганьбіць іх род, але ён не зважае на просьбы. Урэшце браты Радзівілы захопліваюць манарха ў пакоях сястры, і той дае згоду ўзяць законны шлюб з Барбарай. Доўгі час ніхто, апрача сведкі — пана Кезгайлы, і плябана, які абвянчаў Жыгімонта з Барбарай, не ведае пра жаніцьбу. Калі ж пра выбар вялікага князя становіцца вядома, магнаты і шляхта пачынаюць адгаворваць гаспадара адмовіцца ад «няроўнага шлюбу», але Жыгімонт не зважае на супраціў і застаецца верны свайму выбару.

Творчае наватарства невядомага аўтара выявілася ў тым, што ён паказаў не толькі дзяржаўныя і вайсковыя справы манархаў, але і іх асабістае жыццё, інтымныя пачуцці, адлюстраваў логіку тагачасных канфліктаў у вышэйшых уладных колах. Князь Жыгімонт Аўгуст паўстае не толькі як богавыбраная асоба, але як чалавек, з яго прыватным жыццём, перажываннямі і пачуццямі. Вельмі яркі ў творы дыялог паміж братамі Радзівіламі і Жыгімонтам Аўгустам, падчас якога кароль схіляецца да канчатковага рашэння ўзяць шлюб.

Кульмінацыя «Навелы…» — раскрыццё таямніцы шлюбу караля Жыгімонта з Барбарай. Аўтар апісвае слёзныя просьбы шляхты да манарха, каб ён адмовіўся ад жаніцьбы, паказвае бурныя пратэсты магнатаў, пярэчанні каралеўскай сям’і: бацькі — Жыгімонта I Старога і маці — Боны Сфорцы.

Невядомы аўтар «Навелы…» дакладна перадае месца і час падзей, характатрызуе эмацыйны стан герояў, падае шмат звестак пра тагачасныя звычаі, рытуалы і традыцыі.

Зноскі

  1. І. Саверчанка (2010)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Гістарычныя аповесці
Катэгорыя·Літаратурныя творы на старабеларускай мове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Беларуская літаратура XVI стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Барбара Радзівіл