У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Новатны. А́нтанін Но́ватны (чэшск.: Antonín Novotný, 10 снежня 1904, Летняны, цяпер Прага — 28 студзеня 1975, Прага) — чэшскі і славацкі палітычны дзеяч, прэзідэнт Чэхаславакіі ў 1957—1968, 1-ы сакратар ЦК КПЧ у 1953—1968 гадах.
Паходзіў з беднай сям’і. У 1921 годзе ўступіў у кампартыю Чэхаславакіі. У час Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у падпольнай дзейнасці КПЧ, у 1941—1945 гадах зняволены ў канцлагеры Маўтгаўзен.
У 1945—1951 гадах 1-ы сакратар Пражскага гаркама КПЧ. У 1946—1968 гадах член ЦК КПЧ. З 1951 года член Прэзідыума ЦК КПЧ, а з 1953 — 1-ы сакратар ЦК КПЧ. Пасля смерці К. Готвальда, аднак, пасада 1-га сакратара на некаторы час страціла палітычнае значэнне, і Новатны лічыўся 2-м чалавекам у Чэхаславакіі пасля прэзідэнта А. Запатацкага. Быўшы па натуры кансерватарам, быў вымушаны праводзіць меры па змякчэнні рэжыму, пабудаванага па сталінскай мадэлі, асабліва ў эканамічнай сферы. У 1960 годзе абвясціў шырокую амністыю палітвязням, і адначасова заявіў пра «канчатковую пабудову сацыялізму» ў Чэхаславакіі, у сувязі з чым краіна была пераназвана ў ЧССР.
Меў дачыненне да рэпрэсій 1950-х, таму зацягваў рэабілітацыю некаторых рэпрэсаваных палітычных дзеячаў. У 1967 годзе быў раскрытыкаваны з боку пісьменнікаў і студэнтаў за зацягванне перагляду такіх палітычных працэсаў мінулых гадоў, як справы Сланскага, за непаслядоўнае правядзенне эканамічнай рэформы. Разгон дэманстрацый і сходаў, нежаданне змяняць аўтакратычны стыль кіравання, ігнараванне патрабаванняў славакаў пра ўвядзенне федэратыўнага ладу дзяржавы прывялі да ўзнікнення «антыноватаўскай» апазіцыі ў ЦК КПЧ. З кастрычніка 1967 па студзень 1968 з перапынкамі праходзіў пленум, асноўным пытаннем якога была законнасць сумяшчэння дзвюх і больш пасад. 4 студзеня 1968 года Новатны быў зняты з пасады першага сакратара ЦК КПЧ. Новым 1-м сакратаром ЦК КПЧ 5 студзеня быў абраны А. Дубчак.[6]
Застаючыся прэзідэнтам ЧССР і членам ЦК КПЧ, Новатны прадстаўляў кансерватыўную большасць партыі і імкнуўся перашкаджаць правядзенню рэформ. Спробы выклікаць сярод рабочых негатыўнае стаўленне да «буржуазных» рэформ не ўвянчаліся поспехам. Дзеячы культуры і моладзь, якія бачылі ў яго асобе галоўную перашкоду на шляху да дэмакратызацыі, патрабавалі яго адстаўкі. 28 сакавіка 1968 падаў у адстаўку з усіх пасад. Новым прэзідэнтам ЧССР стаў Л. Свобада. Адстаўка Новатнага стала пачаткам Пражскай вясны[7].
Папярэднік: Антанін Запатацкі |
Прэзідэнт Чэхаславацкай рэспублікі 19 лістапада 1957 – 28 сакавіка 1968 |
Пераемнік: Людвік Свобада |
Папярэднік: Рудальф Сланскі |
Генеральны сакратар ЦК КПЧ сакавік 1953 – 5 студзеня 1968 |
Пераемнік: Аляксандр Дубчак |