У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Белавусаў. Андрэй Мінавіч Белавусаў (2 кастрычніка 1906, в. Ходасавічы, Рагачоўскі раён — 19 лістапада 1976) — поўны кавалер ордэна Славы[1].
Нарадзіўся 19 верасня (2 кастрычніка) 1906 года ў вёсцы Ходасавічы Рагачоўскага раёна, Гомельскай вобласці у сям’і селяніна. Беларус. Скончыў пачатковую школу. Працаваў у калгасе.
Падчас акупацыі гітлераўцамі Гомельскай вобласці знаходзіўся ў партызанскім атрадзе. Пасля вызвалення вобласці ад акупацыі у чэрвені 1944 года ўступіў у рады Чырвонай Арміі.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1944 года на пасадзе сапёра 657-га асобнага сапёонага батальёна 370-й стралковай дывізіі (1-ы Беларускі фронт). 14 студзеня 1945 года радавы А. М. Белавусаў абясшкодзіў 42 супрацьтанкавыя міны праціўніка. 29 студзеня 1945 года удзельнічаў у аднаўленні моста праз раку Обра ў раёне горада Мезерытц (цяпер Мендзычэж, Польшча). З 11 па 19 лютага 1945 года пераправіў на лодцы каля 40 яшчыкаў боепрыпасаў і 1,5 т. харчавання. 20 лютага 1945 падчас мініравання пярэдняга краю абсталяваў 100 гнёздаў для супрацьтанкавых мін.
25 студзеня 1945 года ўзнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені[2].
10 сакавіка 1945 года кіраваў групай разгароджвання, якой было абясшкоджана 325 супрацьтанкавых і супрацьпяхотных мін праціўніка, асабіста зрабіў 2 праходы ў загародах.
9 красавіка 1945 года ўзнагароджаны ордэнам Славы 2-й ступені[2].
Яфрэйтар А. М. Белавусаў у ноч на 19 красавіка 1945 года ўдзельнічаў у прарабленні праходаў у мінных палях у раёне нямецкіх гарадоў Лебус і Франкфурт, абясшкодзіў 42 міны. 25 красавіка 1945 года асабіста кіраваў групай сапёраў па навядзенню моста праз Істофковер-канал, чым забяспечыў своечасовую перакідку савецкай ваеннай тэхнікі. 13 чэрвеня 1945 года быў прадстаўлены да узнагароджвання ордэнам Славы 1-й ступені[2].
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 года яфррэйтар Белавусаў Андрэй Мінавіч узнагароджаны Ордэнам Славы 1-й ступені[2].
Быў дэмабілізаваны ў 1946 годзе. Жыў у роднай вёсцы Ходасавічы. працаваў жывёлаводам у калгасе «Новы шлях». Памер 18 лістапада 1976 года.
Узнагароджаны ордэнамі Славы 1-й, 2-й, 3-й ступені, медалямі[2].
У горадзе Рагачоў Гомельскай вобласці на алеі Герояў у Піянерскім парке ўсталяваны памятны знак А. М. Белавусаву[2].