wd wp Пошук:

Ангельскае зелле

«Анге́льскае зелле» (лац.: Pimenta dioica) — прыправа, якая вырабляецца з недаспелых і высушаных пладоў (цёмных ягад з двума насеннямі) піментавага дрэва, якое належыць да роду міртавых (лац.: Myrtaceae).

Гісторыя

У першыню з еўрапейцаў знойдзена іспанцамі ў канцы XV – пачатку XVI стагоддзя на выспах Карыбскага мора і памылкова прынятая за перац, з гэтага паходзіць іспанская (pimenta) і лацінская (Pimenta officinalis) назвы — перац. Дадавалася ацтэкамі ў шакалад. Шырокавядомай у Еўропе стала з канцу XVII стагоддзя. Водарам нагадвае гваздзік і цынамон, а вастрынёй — перац, таму ў англійскай мове за гэтай прыправай замацавалася вызначэнне „all spice“ („усе спецыі“).

Уласцівасці

Высушаныя ягады ўтрымліваюць 3,5 – 5 % эфірнага алею, у склад якога ўваходзяць эўгенол (60 – 80 %), метылеўгенол, экваліптол, ліналол і іншыя субстанцыі. Вырошчваецца пераважна ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы, галоўныя экспарцёры да сённяшняга дня — Ямайка і Барбадос. Вялікія плантацыі знаходзяцца таксама ў Паўднёва-ўсходняй Азіі.

Выкарыстанне

У кухні выкарыстоўваецца як прыправа да мясных страваў, каўбас, марынадаў. Некалькі цэлых ці змеленых зярнятак, даданых да тлустых соусаў, надаюць ім прыемны водар. Ужываецца таксама як прыправа да страў з гародніны і рыбы. Было прынята дадаваць ангельскае зелле у дэсерты і печыва. Слынны бенедыктынскі лікёр (Benedictine Chartreuse), які вырабляўся і ў бенедыктынскіх кляштарах у ВКЛ, гатаваўся з выкарыстаннем ангельскага зелля (традыцыя вырабу гэтага лікёру адноўленая ў Літве ў другой палове XX стагоддзя). Эсенцыя ангельскага зелля выкарыстоўваецца таксама ў касметычнай, парфумернай і фармацэўтычнай вытворчасці.

Крыніцы

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без карткі таксону
Катэгорыя·Міртавыя
Катэгорыя·Спецыі
Катэгорыя·Прырода Карыбскіх астравоў
Катэгорыя·Флора Цэнтральнай Амерыкі