wd wp Пошук:

Анакруза

Анакру́за (стар.-грэч.: ἡ ἀνάκρουσις — адштурхоўванне, крок назад) — ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым метрычным націскам. У сілаба-танічным вершы ў залежнасці ад характару метра анакруза бывае нулявой (харэй, дактыль), аднаскладовай (амфібрахій) і двухскладовай (анапест). Анакруза ў вершы мае вялікае рытмічнае значэнне. Паколькі ўнутраная структура роднасных памераў (двухскладовых, з аднаго боку, і трохскладовых — з другога) аднолькавая, то яны адрозніваюцца па сутнасці толькі анакрузай. На гэтым засноўваецца існаванне радковых лагаэдаў — двухскладовых і тро’складовых памераў з раўнамерным чаргаваннем анакрузаў:

Сонца штораз больш у жылах кроў агніць, Калені штораз больш ласкоча нам трава, Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сніць, Жаданнем забыцця п’янее галава. (Я. Купала «Яна і я») Часам анакруза дапамагае вылучыць пэўнае слова ў пачатку вершаванага радка. Гэта здараецца тады, калі сярод аднатыпных анакрузаў з’яўляецца анакруза іншага віду. Найбольш відазмяняе рытмічны малюнак верша нераўнамернае паўтарэнне анакрузаў. Некаторыя даследчыкі тэрмін «анакруза» ўжываюць толькі ў дачыненні да звышсхемных ненаціскных складоў у пачатку радкоў, што, у прыватнасці, назіраецца ў чацвёртым радку першага чатырохрадкоўя верша М. Багдановіча «Купідон» (тут у стапе ямба лішні ненаціскны склад):

Ад спомінаў дзіцячых лет У маёй душы астаўся след. Я помню, як бывала рада Маё сэрца плітцы шакалада. Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Сілаба-метрычнае вершаскладанне
Катэгорыя·Метрычнае вершаскладанне
Катэгорыя·Антычная метрыка
Катэгорыя·Метрыка