wd wp Пошук:

Алімпіяда Іванаўна Шах-Парон

Алімпіяда Іванаўна Шах-Парон (па мужу Няфёд; 5 жніўня 1922, в. Шчарбачоўка, цяпер Курская вобласць, Расія — 3 кастрычніка 2009, Мінск) — беларуская актрыса. Заслужаны артыст Беларускай ССР (1955).

Біяграфія

Нарадзілася 5 жніўня 1922 года ў вёсцы Шчарбачэўка Суджанскага павета Курскай губерні ў шматдзетнай інтэлігенцкай сям’і. Па бацькаўскай лініі належала да роду персідскіх армян[ru] Шах-Паранянц. У канцы 1920-х гг. сям’я пераехала ў павятовы горад Льгоў Курскай губерні, а затым у 1933 г. — у Маскву. Бацька Алімпіяды вельмі любіў наведваць тэатры і заўсёды браў з сабой дачку. Пазней Алімпіяда Іванаўна ўспамінала: «Тэатр мяне скарыў, і выбар быў зроблены безумоўны». Свае першыя ролі яна сыграла ўжо ў школьным драмгуртку[1].

У 1940 годзе паступіла ў творчую майстэрню Маскоўскага гарадскога тэатральнага вучылішча, якой кіраваў тэатральны педагог, народны артыст РСФСР У. В. Гатоўцаў. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны працягвала вучобу і актыўна ўдзельнічала ў абароне горада: капала процітанкавыя равы, па начах дзяжурыла на дахах дамоў, каб тушыць нямецкія «запальніцы». У 1944 г. яна была ўзнагароджана медалём «За абарону Масквы». У 1942 г. выйшла замуж за вядомага беларускага тэатразнаўца і крытыка Уладзіміра Іванавіча Няфёда. Пасля заканчэння ў 1944 г. тэатральнага вучылішча маладая сям’я пераехала ў БССР. У першыя паваенныя гады актрыса часта змяняла месца працы, іграла на сцэнах Беларускай дзяржаўнай філармоніі (1945), тэатра Ленінскага камсамола Беларусі ў Брэсце (1945—1946), Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра (1946—1947)[1].

29 ліпеня 1947 года напісала заяву на імя дырэктара дзяржаўнага Рускага драматычнага тэатра БССР з просьбай залічыць яе ў тэатральную трупу ў якасці актрысы. З 1 жніўня 1947 г. і да апошніх дзён жыцця яна працавала ў гэтым тэатры[1].

Памёрла 3 кастрычніка 2009 г. Пахавана на Усходніх могілках у Мінску[1].

Грамадская дзейнасць

Член КПСС з мая 1969 года. У 1971—1974 гг. дэпутат Фрунзенскага раённага савета дэпутатаў рабочых г. Мінска двух скліканняў, народны дэпутат Мінскага гарадскога савета[1].

Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1950 года.

Творчасць

Сыграла ў тэатры каля 100 роляў. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе мастацтву ўласцівы глыбокае пранікненне ў сутнасць сцэн. характару, эмацыянальнасць, мяккі гумар, тонкая іронія, лірызм і драматызм. Найбольш значныя ролі: Лідзія («Шалёныя грошы[ru]» А. Астроўскага), баранеса Штраль («Маскарад[ru]» М. Лермантава), Лідзія Багаеўская, Алена Пратасава, Сакалова, Клеапатра, Малання («Варвары», «Дзеці сонца», «Апошнія», «Ворагі[ru]», «Ягор Булычоў і іншыя[ru]» М. Горкага), Дэздэмона, Алівія, Рэгана («Атэла[ru]», «Дванаццатая ноч[ru]», «Кароль Лір» У. Шэкспіра), Понсія («Дом Бернарды Альбы[ru]» Ф. Гарсія Лоркі), Івета («Матухна Кураж і яе дзеці[ru]» Б. Брэхта), фру Алвінг («Здані[ru]» Г. Ібсена), місіс Туз («Усё ў садзе[en]» Э. Олбі), Эліза («Хаціна дзядзькі Тома[ru]» Г. Бічэр-Стоу), Герарда («Дасціпная закаханая[es]» Лопэ дэ Вэгі), Хлоя («Мёртвая хватка» Дж. Голсуарсі), Міхаліна («Трывога» А. Петрашкевіча). Інш. ролі: Яўгенія («Выгнанне блудніцы» І. Шамякіна), Таня («За другім фронтам» В. Сабко), Тоня («Старыя сябры» Л. Малюгіна), Вольга («Гады вандраванняў» А. Арбузава), Мамушка («Іван-ды-Мар’я» У. Гольдфельда) і інш.

У 1954 годзе дэбютавала ў кіно, зняўшыся ў ролі Соф’і Якаўлеўны ў фільме «Хто смяецца апошнім» (рэж. У. У. Корш-Саблін) па матывах аднайменнай сатырычнай камедыі К. Крапівы. Высокім прафесіяналізмам, насычанымі псіхалагічнымі фарбамі адрозніваліся вобразы Ганны Вырубавай у тэлеспектаклі «Крах» па матывах п’есы А. Н. Талстога і П. Е. Шчогалева «Змова імператрыцы» (1966) і Жанны Уладзіміраўны ў тэлеспектаклі «Чужыя і блізкія…» па п’есе «Жанна» А. М. Галіна (1998)[1].

Узнагароды

За заслугі ў развіцці савецкага мастацтва Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 28 лютага 1955 г. было прысвоена званне заслужанай артысткі БССР з уручэннем ордэна «Знак Пашаны». Узнагароджана таксама медалямі «За абарону Масквы» (1944), «Ветэран працы», «За доблесную працу. У адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна» (1970), Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1972, 1978, 1982), дыпломам Першай ступені Рэспубліканскага фестывалю творчай моладзі (1952)[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 Шах-Парон Олимпиада Ивановна

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (27):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Кінаактрысы Беларусі
Катэгорыя·Памерлі 3 кастрычніка
Катэгорыя·Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў
Катэгорыя·Постаці Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 жніўня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1922 годзе
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Памерлі ў 2009 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Кінематаграфісты без IMDb
Катэгорыя·Актрысы тэатра Беларусі
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «За абарону Масквы»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Курскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Заслужаныя артысты Беларускай ССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Артыкулы пра тэатральных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Постаці Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі
Катэгорыя·Узнагароджаныя Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР
Катэгорыя·Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
Катэгорыя·Постаці Беларускай дзяржаўнай філармоніі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Суджанскім павеце
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «Ветэран працы»