Аляксей Анатолевіч Навальны (руск.: Алексей Анатольевич Навальный; 4 чэрвеня 1976, Бутынь, Адзінцоўскі раён, Маскоўская вобласць, РСФСР, СССР) — расійскі грамадскі і палітычны дзеяч нацыянал-дэмакратычнай арыентацыі. Вядомы перш за ўсё барацьбой з карупцыяй шляхам выкрыцця фінансавых махінацый і публікацыі матэрыялаў у Інтэрнэце.
Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца. Скончыў юрыдычны факульэт Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў (1998) і факультэт фінансаў і крэдыта Фінансавай акадэміі пры Урадзе РФ (2001). З сярэдзіны 1990-х пачаў займацца бізнесам, з 2004 года — грамадскай дзейнасцю і журналістыкай. У 2000 годзе ўвайшоў у партыю «Яблака», некаторы час кіраваў маскоўскім аддзяленнем партыі і ўваходзіў у яе цэнтральны савет, у 2007 годзе выключаны з арганізацыі. Тады ж стаў адным са стваральнікаў грамадскага руху «Народ» нацыянал-дэмакратычнай арыентацыі, выступаў, у прыватнасці, за больш жорсткую палітыку супраць іміграцыі з Сярэдняй Азіі.
У 2008 годзе Навальны купіў невялікія (мінарытарныя) пакеты акцый некалькіх буйных расійскіх кампаній нафтагазавага сектара і дзякуючы гэтаму атрымаў доступ да фінансавых дакументаў карпарацый. У 2009 выклаў у сваім блогу дакументы, паводле якіх кампанія «ВТБ-Лизинг» купіла абсталяванне для свідравання па значна больш высокім кошце (праз тры гады ў дакументах, якімі карыстаўся Навальны, былі знойдзены прыкметы падробкі). У наступным годзе выклаў у агульны доступ дакументы аўдыту будаўніцтва нафтаправоду кампаніяй «Транснефть», згодна з якімі агульная сума крадзяжоў склала каля 4 млрд долараў (гэтыя дакументы не былі цалкам абвергнуты).
Пачынаючы з 2010 года стварыў некалькі грамадскіх інтэрнэт-рэсурсаў антыкарупцыйнага і камунальнага кірунку (РасПіл, РасЯма, РасВыбары, РасЖКГ, ФБК — Фонд барацьбы з карупцыяй), займаецца каардынацыяй барацьбы з карупцыяй. У 2013 годзе ўдзельнічаў у выбарах мэра Масквы, атрымаў 27,24% галасоў і заняў другое месца. У 2013 годзе ўзначаліў аргкамітэт Партыі прагрэсу (першапачатковая назва — Народны альянс), якую ў 2014 годзе канчаткова зарэгістравалі.
Пачынаючы з 2011 года супраць Навальнага ўзбуджана некалькі крымінальных спраў. У 2013 годзе ён умоўна асуджаны на пяцігадовы тэрмін за нанясенне шкоды кампаніі «Кіраўлес». З лютага 2014 года Навальны знаходзіцца пад дамашнім арыштам з забаронай карыстацца тэлефонам і камп’ютарам. Таксама суд заблакаваў доступ да яго блога на тэрыторыі Расіі.
20 жніўня 2020 года Аляксей Навальны быў атручаны. Яму стала дрэнна ў самалёце, які ляцеў з Томска ў Маскву. У далейшым Навальны ўпаў у кому, і 24 жніўня ён быў дастаўлены на лячэнне ў берлінскую клініку «Шарытэ». Сляды атрутнага рэчыва з групы «Навічок» былі знойдзены лабараторыяй узброеных сіл Германіі. Даследаванне праводзілася па запыце клінікі «Шарытэ». 2 верасня 2020 года вынікі аналізаў былі афіцыйна абвешчаны ўрадам Германіі[12].
З 29 снежня 2020 года знаходзіўся ў вышуку за шматразовыя парушэнні выпрабавальнага тэрміну ў Расіі. 17 студзеня 2021 года вяртаўся на радзіму і быў затрыманы ў аэрапорце Шарамеццева[13].
Фільм Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага пра «палац Пуціна» ў Геленджыку, які выпусцілі адразу пасля затрымання палітыка, набраў больш за 70 млн праглядаў на YouTube[14]. Пратэсты ў Расіі 23 студзеня 2021 года былі анансаваныя Фондам барацьбы з карупцыяй падчас публікацыі дакументальнага фільма-расследавання. Прычынай пратэстаў стала затрыманне і арышт Аляксея Навальнага і яго заявы аб карупцыі ў адрас дзеючага прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
У 2021 годзе Аляксей Навальны стаў лаўрэатам прэмій фонду Барыса Нямцова і Жэнеўскага форуму па правах чалавека. Лаўрэат польскай прэміі «Рыцар свабоды», якую арганізуе Фонд імя Казіміра Пулаўскага[15].
Прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі» (2021)[16].