Аляксандр Мікалаевіч Гвоздзікаў (нар. 29 лістапада 1951, Віцебск) — беларускі скульптар.
З 1965 па 1970 год займаўся ў скульптурнай студыі пры Віцебскім педагагічным інстытуце. У 1976 годзе скончыў аддзяленне скульптуры Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Вучыўся ў А. Бембеля, А. Анікейчыка, Г. Мурамцава.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1981 года.
Член Саюза мастакоў з 1985 года. Жыве ў Віцебску.
Працуе ў манументальнай і станкавай пластыцы.
Асноўныя творы: помнік М. Шагалу ў Віцебску, бюст Марка Шагала ў Лёзне, дзецям М. Шмырова ў г. п. Сураж Віцебскай вобласці, М. Сільніцкаму на шашы Віцебск — Полацк, А. Углоўскаму ў саўгасе імя А. Углоўскага Віцебскай вобласці; кампазіцыі «Дзеці вайны», «Флора», «Вызваленне», «Перамога», «Яны перамаглі»; трыпціх «Майстры», шэраг партрэтаў і мемарыяльных дошак.
Творы знаходзяцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, музеі М. Шагала ў Францыі.