Баразенка Аляксандр Аляксандравіч (нар. 9 мая 1988, Пінск, Беларусь) — незалежны журналіст, вязень сумлення[1], беларускі палітвязень.
Нарадзіўся 9 мая 1988 года ў г. Пінску Брэсцскай вобласці.
У 2006-м скончыў сярэднюю школу СШ № 11 г. Пінска і паступіў на факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Спецыяльнасць — «Культуралогія і германістыка». Быў актывістам грамадзянскай кампаніі «За свабоду» і «Еўрапейская Беларусь». 01.06.2007 г. быў затрыманы за ўдзел у акцыі супраць адмены ільготаў і арыштаваны на трое сутак. Адмовіўся ад прапановы супрацоўнічаць з КДБ. У кастрычніку 2007 г. быў адлічаны з універсітэту з палітычных прычынаў. У 2007—2008 гг. вучыўся па праграме К. Каліноўскага ва Уроцлаўскім універсітэце (Польшча) на палітолага.
Жыве ў Мінску.
З 2009 года працуе журналістам тэлеканала Белсат. Здымаў падзеі ў Кіеве на Еўрамайдане ў крытычныя дні ў лютым 2014 г., калі адбыліся сутыкненні пратэстантаў з паліцыяй, што прывяло да масавых ахвяраў[2]. Здымаў рэферэндум у Крыме. Пабываў у гарачых кропках на Усходзе Украіны.[3]
Будучы студэнтам Уроцлаўскага ўніверсітэта, А. Баразенка праходзіў у якасці абвінавачванага па «справе 14-ці» яшчэ на пачатку 2008 г. Крымінальная справа за ўдзел у акцыі ў падтрымку прадпрымальнікаў, якая адбылася 10 студзеня 2008 г., была ўзбуджаная адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ : па ч. 1 арт. 342 КК РБ — «Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і ч. 2 арт. 339 — «Хуліганства, учыненае групай асобаў альбо звязанае з супрацівам». Статус падазраванага, а пасля і абвінавачанага, па дадзенай крымінальнай справе атрымалі 14 моладзевых актывістаў: Міхась Пашкевіч, Таццяна Цішкевіч, Міхась Субач, Алесь Чарнышоў, Алесь Стральцоў, Вінаградаў Павел, Аляксей Бондар, Аляксандр Баразенка, Максім Дашук, Арцём Дубскі, Уладзімір Сяргееў, Міхась Крываў, Антон Койпіш і Кім Андрэй. Большасць гэтых актывістаў, у тым ліку і Баразенка, напачатку былі прыцягнутыя да адміністрацыйнага арышту тэрмінам да 15 сутак за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, а Цішкевіч правяла за кратамі ажно 20 сутак.
Падчас судовых працэсаў над іншымі абвінавачванымі па гэтай справе, якія праходзілі ў красавіку і ў маі 2008 г., Баразенка знаходзіўся ў Польшчы. Адносна яго справа была прыпыненая. За «ўхіленне ад яўкі да следчага» 12 мая 2008 г. адносна яго была прынята пастанова аб узяцці пад варту, і ён быў абвешчаны ў вышук. Не гледзячы на пагрозу для свабоды, вырашыў вярнуцца, і праз Украіну і Расію вяртаецца ў Беларусь.
27 кастрычніка 2008 г. Баразенка разам з адвакатам Паўлам Сапелкам добраахвотна з’явіўся да следчага, быў затрыманы і накіраваны ў следчы ізалятар. Трымаў галадоўку.
Эўракамісар Беніта Ферэра-Вальднэр заклікала беларускія ўлады вызваліць А. Баразенку, зазначыўшы, што «важна, каб Беларусь заставалася краінай без палітычных зняволеных і паважала свабоду выказванняў, аб’яднанняў і сходаў». Не гледзячы на міжнародную рэакцыю, Баразенка паўтара месяца да суда знаходзіўся пад вартай.
Суд над А. Баразенкам пачаўся 8 снежня 2008 г. у судзе Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя — Наталля Вайцяховіч). Моладзевы актывіст быў асуджаны да аднаго году абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і вызвалены ў зале суда.[4]
Міжнародная амністыя абвясціла вязнямі сумлення ўсіх асуджаных да абмежавання волі фігурантаў так званага «працэса 14-ці».[1]
Затрымліваўся падчас «маўклівых акцый» у Мінску у 2011 г.[5]
19 снежня 2011 г. А. Баразенка затрымліваўся каля будынку КДБ падчас здымак перфомансу актывістак Femen[6]. Яго даставілі ў Цэнтральнае РУУС Мінска(бел. (тар.)) бел., потым адпусцілі.
28 кастрычніка 2011 г. Баразенка быў выкліканы на гутарку ў Генеральную пракуратуру РБ у сувязі з ягонай журналістцкай дзейнасцю з тэлеканалам «Белсат».
Затрымалі 8 студзеня 2012 г. каля будынка КДБ у Мінску падчас здымак сюжэта аб адзіночным пікеце актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Мікіты Каваленкі ў падтрымку палітвязняў Беларусі. Паводле арт. 23-24 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ асуджаны судом Цэнтральнага раёна г. Мінска (суддзя — А. Хадановіч) на 11 сутак адміністрацыйнага арышту.[7]
21.02.2013 пракуратура Мінска вынесла папярэджанне незалежнаму тэлеаператару Баразенку за супрацоўніцтва з «Белсатам» без акрэдытацыі.[8]
25 сакавіка 2017 г. Баразенка быў затрыманы, калі асвятляў разгон сілавікамі ў цэнтры Мінска людзей, якія сабраліся адсвяткаваць Дзень Волі — 99-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Акцыя была кульмінацыяй пратэстаў у Беларусі ў 2017 г. Быў асуджаны судом Маскоўскага раёна Мінска (суддзя — Таццяна Мотыль) на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачванні ў дробным хуліганстве. У знак пратэсту абвясціў галадоўку.[9][10] 5 красавіка 2017 г. у Мінскім гарадскім судзе разгледжана касацыйная скарг Баразенкі. Суддзя гарадскога суда не прыняў доказы невінаватасці Баразенкі і пакінуў папярэдняе рашэнне суда Маскоўскага раёна Мінска ў сіле.[11]
10 кастрычніка 2017 г. Баразенка быў асуджаны судом Першамайскага раёна Мінска (суддзя — Анастасія Папко), па артыкуле Адміністрацыйнага кодэксу РБ пра парушэнне аўтарскіх праў пры выкарыстанні брэнду «Белсат». У яго канфіскавалі відэакамеру і аштрафавалі на 920 рублёў.[12]
Лаўреат Нацыянальнай прэміі за 2008 г. ў галіне абароны правоў чалавека, заснаванай Хартыяй’97 у 1998 годзе.[13]