wd wp Пошук:

Акіра Ёсідзава

Акіра Ёсідзава (яп.: 吉澤 章, 14 сакавіка 1911 — 14 сакавіка 2005) — майстар арыгамі, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё гэтага мастацтва.

Біяграфія

Акіра Ёсідзава нарадзіўся ў горадзе Камінакава японскай прэфектуры Татыгі, у небагатай сялянскай сям’і. У 13 гадоў ён пакінуў дзённую школу і паступіў на працу, аднак працягваў навучанне ў вячэрняй школе. У 22 гады Ёсідзава ўладкаваўся працаваць на машынабудаўнічы завод. Ён стаў чарцёжнікам і навучаў пачаткоўцаў начартальнай геаметрыі, складаючы для тлумачэння фігуркі арыгамі. Уладальнікі завода былі настолькі ўражаныя яго майстэрствам, што дазволілі яму займацца арыгамі ў працоўны час.

Падчас Другой сусветнай вайны Ёсідзава паступіў у санітарны корпус і працаваў у ваенным шпіталі ў Ганконгу. Ён не пакідаў сваё захапленне арыгамі і ўпрыгожваў ложкі параненых рознакаляровымі папяровымі фігуркамі. Пасля вайны ў яго жыцці надышоў цяжкі перыяд: яго жонка, з якой ён пабраўся шлюбам неўзабаве перад вайной, памерла, і ён некалькі гадоў жыў у сваёй роднай прэфектуры Татыгі на грошы ад выпадковых заробкаў.

Толькі ў 1951 годзе Ёсідзава атрымаў магчымасць заявіць аб сваім мастацтве. Часопіс «Асахі Граф» вырашыў праілюстраваць адзін з сваіх артыкулаў папяровымі фігуркамі жывёл кітайскага календара. Рэдактар часопіса, Тадас Іідзава, звярнуўся да Ёсідзавы, які выканаў працу настолькі па-майстэрску, што нумар «Асахі Граф» за студзень 1952 года зрабіў фурор, а аўтар фігурак вельмі хутка зрабіўся вядомым за межамі Японіі.

У 1954 у Японіі выйшла яго першая кніга «Новае мастацтва арыгамі», і адначасова ён заснаваў Міжнародны Цэнтр Арыгамі ў Токіа. Ёсідзава распрацаваў азбуку арыгамі і прыдумаў больш за 50 000 мадэляў арыгамі. Ён напісаў 18 кніг па арыгамі і вынайшаў тэхналогію мокрага складання, па якой можна складаць прыгожыя фігуркі арыгамі з круглявымі формамі са шчыльнай паперы. У 1983 годзе імператар Японіі Хірахіта ўзнагародзіў яго Ордэнам Узыходзячага сонца, адной з вышэйшых узнагарод Японіі.

Ёсідзава памёр 14 сакавіка 2005 года ў такійскай бальніцы Агікуба ад ускладнення пнеўманіі ў дзень, калі яму споўнілася 94 гады[4].

Тэхніка

Ёсідзава быў піянерам многіх метадаў, у тым ліку мокрага складання. У гэтай тэхніцы папера змочваецца перад складваннем, дазваляючы ствараць больш круглявы і скульптурны выгляд. Гэта, на думку многіх, з’яўляецца зменай парадыгмы родаў, што дазволіла арыгамі стаць формай мастацтва, у адрозненне ад мудрагелістых дзівацтваў народных промыслаў.

Бібляграфія

Спасылкі

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #129978566 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
  2. Akira Yoshizawa
  3. Akira Yoshizawa // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. «Акира Ёсидзава, 94, Современный мастер оригами», 2 апреля 2005, MARGALIT FOX, The New York Times
  5. 1 2 3 A list of books by Akira Yoshizawa. Спіс кніг Ёсідзавы, падрыхтаваны Брытанскім таварыствам арыгамі (англ.: British Origami Society, BOS).
Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Узыходзячага сонца
Катэгорыя·Памерлі ў 2005 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1911 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Токіа
Катэгорыя·Памерлі 14 сакавіка
Катэгорыя·Майстры арыгамі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў прэфектуры Татыгі
Катэгорыя·Нарадзіліся 14 сакавіка