wd wp Пошук:

Азола

Азола (Azolla) — род папарацей сямейства сальвініевых (Salviniaceae), па іншай класіфікацыі адзіны род сямейства азолавых.

Апісанне

Выкапнёвыя рэшткі гэтых раслін знаходзяць у трацічных і чацвярцічных адкладаннях Еўразіі, Паўночнай Амерыкі. Усе віды азолавых, акрамя азолы нільскай (Azolla nilotica), шырока распаўсюджаны ў трапічных, субтрапічных абласцях зямнога шара, а таксама ва ўмераных абласцях Паўночнай Амерыкі. Па вонкавым выглядзе гэтыя расліны больш падобны на лістасцябловыя юнгерманіевыя імхі, чым на папараці.

Спарафіт азолы ўяўляе сабой дробнае разгалінаванае плаваючае сцябло. На яго верхнім баку ў два рады сядзяць маленькія (да 1 мм) лісты, якія шчыльна прыкрываюць галіны. Ад некаторых вузлоў звісаюць у ваду даволі доўгія прыдаткавыя карані. Праводзячая сістэма сцябла — рэдукаваная сіфонастэла, якая часта прымае форму пратастэлы.

Прыкметнай асаблівасцю азолы з’яўляецца сімбіёз гэтай расліны з сіне-зялёнай анабэна азола (Anabaena аzollae) з сямейства ностакавых (Nostocaceae). Выказваецца меркаванне аб трэцім члене складанага сімбіёзу з удзелам бактэрый псеўдамонас (Pseudomonas) і азотабактэр (Azotobacter), якія пастаянна сустракаюцца на лістах азолы.

Размнажэнне азолы часта адбываецца вегетатыўным шляхам. Бакавыя галінкі лёгка адломваюцца ад галоўнага сцябла і цячэннем разносяцца ў іншыя вадаёмы. Часта распаўсюджвальнікамі азолы з’яўляюцца людзі, жывёлы і водаплаўныя птушкі.

Значэнне і выкарыстанне

Практычнае выкарыстанне азолы мае месца ў сельскай гаспадарцы ў якасці зялёнага ўгнаення, багатага азотам. У трaпічных краінах Азіі і ў некаторых іншых з гэтай мэтай азолу разводзяць на рысавых палях. Па здольнасці назапашваць азот азола не ўступае бабовым. Выкарыстоўваюць азолу і як расліну, якая ў выніку масавага размнажэння на рысавых палях заглушае іншыя пустазельныя расліны. Азолу каралінскую (Azolla caroliniana) часта вырошчваюць і ў акварыумах. Побач з карысцю гэта расліна прыносіць і некаторую шкоду інтэнсіўнасцю свайго вегетатыўнага размнажэння, пакрываючы паверхню вады ў вадаёмах і перашкаджаючы руху лодак.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Артыкулы пра расліны без GRIN
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы з перасягнутай глыбінёй разгортвання
Катэгорыя·Сальвініевыя