Франсуа́ Агю́ст Рэнэ́ Радэ́н (фр.: François-August-René Rodin, 12 лістапада 1840, Парыж — 17 лістапада 1917) — французскі скульптар, адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры.
Нарадзіўся ў Парыжы, пазней вучыўся ў двух вядомых скульптараў — Антоніа Луіса і Антуана Бары. Спрабаваў паступіць ў вышэйшую мастацкую школу (Beaux Arts), але быў прыняты ў іншую школу (École Spéciale de Dessin et d’Architecture), дзе вучылі рамеснікаў, якія працуюць у сферы дэкарацыйнай скульптуры.
Першая мастацкая праца Радэна «Чалавек са зламаным носам», была адхілена на Парыжскім салоне, з-за таго што не ўкладвалася ў акадэмічныя каноны прыгажосці. У 1871 годзе, у пошуках працы Радэн пераехаў у Бельгію, дзе стварыў некалькі скульптураў для прыватных дамоў, для будынку біржы і элементы помніка бургамістру Лоасу. Адначасова Радэн займаўся вывучэннем старажытнага мастацтва і творчасці Рубенса. Пасля наведвання Італіі і знаёмства з творчасцю Мікеланджэла, у Радэна ўзнікла ідэя стварэння статуі «Эра бронзы».
Сведчаннем прызнання таленту Радэна стала набыццё французскім урадам двух яго статуй «Іаан Хрысціцель» і «Чалавек, які крочыць». Адначасова яму было даручана стварэнне скульптурнага партала. Працу над «Варотамі пекла» (распачата ў 1888 годзе) Радэн не скончыў да канца жыцця. Іншымі буйнымі творамі сталі скульптуры «Грамадзяне Кале», помнік Віктору Гюго, статуя Анарэ дэ Бальзака.
У 1885 годзе Радэн узяў памочніцу ў майстэрню, 19-гадовую Камілу Кладэль. Хутка яны ажаніліся нават нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце. Нягледзячы на шлюб Радэн не страціў сувязі з Роз Бёрэ, з якой ён пазнаёміўся яшчэ падчас падарожжа па Бельгіі.
Да пачатку ХХ стагоддзя Радэн стаў вядомым скульптарам і французскі ўрад прадставіў яму асобны павільён на Сусветнай выстаўцы 1900 года. Вучнямі Радэна сталі такія вядомыя мастакі як Эміль Антуан Бурдэль і Канстанцін Бранкузі.
Перад смерцю Агюст Радэн перадаў ураду Францыі калекцыю сваіх твораў, з мэтай стварэння ў яго рэзідэнцыі (Hotel Biron) музея. Памёр Радэн у сваім доме ў Медоне, прыгарадзе Парыжа.
Раннім яго творам уласцівы смеласць вобразных і пластычных пошукаў, філасофская глыбіня задумы, жыццёвасць перадачы складаных рухаў, энергічная мадэліроўка аб’ёмаў: «Чалавек са зламаным носам» (1864), «Бронзавы век» (1876), «Іаан Хрысціцель» (1878) і інш. З 1880 працаваў над гарэльефнай кампазіцыяй «Вароты пекла», асобныя часткі якой сталі самастойнымі творамі; «Ева» (1881), «Пацалунак» (1886), «Мысліцель» (1889), «Вечная вясна» (1880-я г.).
У 1884—1888 стварыў для г. Кале скульптурную групу «Грамадзяне Кале» (устаноўлена ў 1895), якая вызначаецца суровым героіка-драматычным гучаннем, складанай эмацыйнай атмасферай, унутранай напружанасцю герояў, што перадаецца праз неспакойны рытм кампазіцыі, экспрэсіі поз і жэстаў, кантрасты статычных і дынамічных фігур.
З сярэдзіны 1880-х гадоў А. Радэн у творчасці схіляўся да ускладненых сімвалічных вобразаў, выяўлення гамы эмоцый чалавека — ад яснай гармоніі да змрочнага самапаглыблення і адчаю. Творы набылі эскізны, знешне як бы незавершаны характар, святлоценявую кантрастнасць, падкрэслена жывапісную мадэліроўку абцякальных форм, пластычнасць і фактурную адчувальнасць: помнік А. Бальзаку ў Парыжы (1893—1897; устаноўлены ў 1939) і інш.
Партрэты А. Радэна вызначаюцца вастрынёй і цэласнасцю перадачы характару: бюсты В. Гюго, Ж. Далу (1883), В. А. Рашфора (1897), П. Бертло (1906) і інш.
Урад Францыі стварыў Музей Радэна ў 1919 годзе.