Абва́ра, паджога, пажога[1] — рэдкая рошчына (баўтуха) для загартоўвання распаленага да чырвані ў ганчарнай печы глінянага посуду. Рабілі з пшанічнай ці жытняй мукі на вадзе, часта з дабаўленнем бурачнага альбо капуснага расолу, дамешкам ільняной ці канаплянай трасты, тоўчанага драўніннага вугалю або сажы[1].
Такі працэс павялічваў трываласць чарапка і памяншаў яго порыстасць (водапранікальнасць), у выніку чаго вырабы набывалі плямістую афарбоўку або суцэльны налёт чорнага, шэрага, чорна-карычневага колеру[1]. У некаторых мясцовасцях такая кераміка называлася «гартаваная», «рабая»[2].
Абвара вядома з XII ст. па матэрыялах археалагічных раскопак на тэрыторыі Панямоння, Падзвіння, цэнтральнага рэгіёна Беларусі і Падняпроўя[2].
У XIX — пачатку XX ст. выкарыстоўвалася галоўным чынам вясковымі ганчарамі Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі[1].