wd wp Пошук:

Я размалюю для цябе неба

«Я размалюю для цябе неба» — зборнік аповесцей, п’ес і апавяданняў беларускага пісьменніка Валерыя Гапеева. Жанр — рэальнасць, містыка, фантастыка. Выдавецтва — «Мастацкая літаратура», 2013 год. Для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

Сюжэт

Часам чалавек трапляе ў сітуацыю, калі даводзіцца зрабіць цяжкі выбар — крочыць ў адзін ці другі бок. Але, абодва рашэнні патрабуюць ахвяр і пакутлівага пераасэнсавання каштоўнасцей. І добра, калі побач апынецца нехта, хто зможа падказаць правільны выбар. Але часцей атрымліваецца так, што апыняешся сам­насам з неабходнасцю свайго жыццёвага выраку. У такія сітуацыі трапляюць і героі кнігі. Самастойна і правільна зрабіць свой першы выбар вельмі цяжка, але ў такіх сітуацыях і адбываецца самая сапраўдная школа сталення.

У галоўнай казкі-антыўтопіі «Я размалюю для цябе неба…» праз сюжэт праходзіць дзяцінства, юнацтва і сталенне героя. Ён жыве пад Купалам — гэта неверагоднае збудаванне, якое, як лічыцца, абараняе людзей ад Цемры наваколля. Але ўвесь лад жыцця галоўнага героя прымушае задумацца, ці насамрэч за Купалам — смерць? З аднаго боку гэтая аповесць пераклікаецца з хрысціянскай традыцыяй асэнсавання жыцця пасля смерці, а з іншага боку — Купал сабою ўвасабляе жорсткасць таталітарнага дзяржаўнага кіравання і здольнасць самаадданай ахвяры ў імя ісціны.

Кароткая аповесць «Ксюхіна поле» — гэта хутчэй апавяданне. Перад 16-гадовым Сяргеем стаяць дзве сур’ёзныя жыццёвыя задачы: трэба высветліць бацькоўства (бо бацька не лічыць яго сваім сынам з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі ў адносінах паміж імі), а таксама наладзіць сяброўства з Ксюхаю, якая жыве ў цяжкім асяроддзі, паміж інтэрнатам «для дэбілаў і псіхаў» і цёткай, якая арганізавала прытон для наркаманаў. А разам з тым трэба і самому не ўцягнуцца ў спажыванне канопляў.

Школьная п’еса «Сертыфікат», як і аповесць «Ксюхіна поле» — добры прыклады якаснай літаратуры для падлеткаў[1]. Часам нават дарослыя не здольныя на такія смелыя і адказныя ўчынкі, якія часам паўстаюць перад героямі твору — падлеткаў, якія самі будуюць сваё жыццё і прымаюць узважаныя і годныя рашэнні. Школьная каманда прайшла фінал раённага турніру па брэйн-рынгу. Адзін бізнесмен прапануе ім прайграць, каб зрабіць падарунак дачцэ, якая выступае ў камандзе супернікаў. А ўзамен кожны атрымае грошы, і немалую дапамогу атрымае школа, што гарантавана сертыфікатам. Бок бізнесмена заняла і дырэктар школы. Але сертыфікат нечакана знікае, і пад падазрэнне трапляюць гульцы каманды.

Апавяданне «Вартаўнік, альбо Колцы Одры» паказвае чытачам, на што здатны чалавек у імя кахання: напачтку ён можа нават зрабіць неверагоднае навуковае адкрыццё (фактычна машыну часу), а потым усё пакінуць і перабрацца да каханай (вобразам якой стала вядомая актрыса Одры Хепбёрн).

Кароткае апавяданне «Game Begina!» — віртуальная рэальнасць, якая быццам служыць перасцярогай, што не варта вельмі захапляцца камп’ютарнымі гульнямі. Бо яны часам здольны паглынуць і асобу чалавека, і яго жыццё.

Апавяданне «Аўтобус» цікава з пункту гледжання закручанасці сюжэта. У аўтобус з людзьмі падчас рэйсу трапіла маланка. Тым не менш, падарожжа працягваецца. Неўзабаве высвятляецца, што аўтобус едзе па зачараваным коле, якое з кожным разам аўтобус праязджае ўсё за меншы прамежак часу. Калі ён спыніцца, гэта можа азначаць смерць (як прыйшлі да высновы пасажыры). Але і далейшы яго рух фактычна мае той жа вынік. З такім зыходам ніхто, акрамя хіба дакторкі, не згодны. У кожнага свае прычыны. У гэтакай складанай сітуацыі кожны пачынае праяўляць адметнасць свайго характару, а некаторыя пачынаюць высвятляць адносіны, даючы волю эмоцыям[2].

Змест зборніка

Твор «Я размалюю для цябе неба» быў асобна надрукаваны ў часопісе «Маладосць», №10 2013 год[4].

Рэцэнзіі

Зноскі

  1. Весялуха, 13 сакавіка 2014
  2. Трафімчык, 2014
  3. Я размалюю для цябе неба. Лаборатория Фантастики. Праверана 14 студзеня 2016.
  4. Я размалюю для цябе неба: казка для дарослых дзяцей. Нацыянальная кніжная палата Беларусі. Праверана 14 студзеня 2016.
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Літаратурныя творы Беларусі
Катэгорыя·Літаратурныя творы паводле алфавіта