wd wp Пошук:

Яўген Міхайлавіч Глінскіх

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Глінскіх. Яўген Міхайлавіч Глінскіх (11 студзеня 1922, Масква — 25 лістапада 1985) — беларускі артыст балета. Заслужаны артыст Беларускай ССР (1954).

Біяграфія

Нарадзіўся ў Маскве. У 1937 г. ён скончыў студыю пры Свярдлоўскім тэатры оперы і балета і да 1941 г. быў артыстам гэтага тэатра. У 1941—1945 гг. знаходзіўся ў Савецкай Арміі, дзе з’яўляўся артыстам ансамбля песні і танца. У 1946—1949 гг. працаваў у Пермскім тэатры оперы і балета. У 1949—1957 гг. Я. Глінскіх быў вядучым класічным танцоўшчыкам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Адначасова ў 1952—1969 гг. выкладаў класічны танец у Беларускім харэаграфічным вучылішчы.

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1957 года.

Творчасць

Ён з’яўляўся артыстам лірыка-драматычнага плана, добра валодаў мастацтвам дуэтнага танца.

Балетная трупа тэатра вялікую ўвагу надавала сучаснаму рэпертуару. У 1950 г. быў пастаўлены спектакль «Чырвоны мак» Р. Гліэра, асноўнай ідэяй якога было паказаць барацьбу супрацьлеглых лагераў, адзінства савецкага і кітайскага народаў, іх барацьбу супраць імперыялізму. Яўген Глінскіх выканаў станоўчую ролю маладога кулі, стварыўшы яркі і мэтанакіраваны характар свайго героя. У гэты перыяд у тэатры вяліся актыўныя пошукі дасканалых сцэнічных мастацкіх рашэнняў, пашыраліся тэматыка і жанравая разнастайнасць, узбагачалася харэаграфічная лексіка. Пошукі этнаграфічнай своеасаблівасці характэрны для ўвасаблення шэрагу твораў беларускіх кампазітараў.

У 1955 г. быў пастаўлены балет «Палымяныя сэрцы» В. Залатарова, вырашаны ў жанры народна-гераічнай драмы. У пастаноўцы мелася шмат арыгінальных і свежых па задуме пантамімічных сцэн, смелых пошукаў у галіне стварэння выразнага танца. Спектакль уражваў яркай тэатральнасцю, эмацыянальнасцю, глыбокай лірыкай і эфектнасцю карцін. Яўген Глінскіх стварыў гратэскавы, вострахарактарны вобраз Князя. Яго рэзкія, вуглаватыя рухі, цяжкі поступ, драпежная пасадка галавы — усё гэта нагадвала воблік злой птушкі. Майстэрства артыста атрымала высокую ацэнку тэатральнай грамадскасці. Гэта адзначалася і ў час 2-й Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1955). Крытыкі пісалі, што выдатны класічны танцоўшчык сродкамі харэаграфічнага мастацтва змог пераканаўча паказаць у гэтай партыі бязлітасны характар свайго героя, яго дэспатызм, жорсткасць і бессардэчнасць.

Яўген Глінскіх быў бездакорным выканаўцам такіх роляў, як Зігфрыд («Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага), Альберт («Жызэль[ru]» А. Адана), Феб («Эсмеральда[ru]» Ц. Пуні). Сярод лепшых партый артыста — Вацлаў («Бахчысарайскі фантан[ru]» Б. Асаф’ева), Іванушка («Канёк-Гарбунок[ru]» Ц. Пуні), Юнак («Шапеніяна[ru]» на музыку Ф. Шапена), Базыль («Дон Кіхот» Л. Мінкуса), Дэзірэ («Спячая прыгажуня» П. Чайкоўскага).

Творчай манеры артыста ўласцівы строгасць ліній, культура класічнага танца, акцёрская выразнасць і адточаная тэхніка, што прынесла яму шчырую любоў беларускага гледача.

Літаратура

Спасылкі

  1. (unspecified title) Праверана 14 лютага 2022.
Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Артыкулы пра тэатральных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі 25 лістапада
Катэгорыя·Артысты балета XX стагоддзя
Катэгорыя·Постаці Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Артысты балета Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Заслужаныя артысты Беларускай ССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Кінематаграфісты без IMDb
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1922 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1985 годзе
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Маскве
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся 11 студзеня