Ярцава (руск.: Ярцево) — горад (з 1926 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Ярцаўскага раёна Смаленскай вобласці. Насельніцтва 50,1 тыс. чалавек (2007).
Горад размешчаны на левым беразе ракі Вопь (прыток Дняпра), за 63 км ад Смаленска. Цераз Ярцава праходзіць федэральная аўтатраса «Беларусь».
У сярэдзіне ХIХ стагоддзя на месцы сучаснага Ярцава знаходзілася невялікае паселішча з пастаялым дваром і 55 жыхарамі. З правядзеннем чыгункі Масква — Смаленск (1870) адкрыта станцыя і ўзнік пасёлак пры ёй. У раёне Ярцава наладзіўся перавоз цераз р. Вопь, у выніку чаго і само паселішча сталі называць Ярцава-Перавоз. А чыгуначная станцыя ператварылася ў буйны пункт збыту «мануфактурных тавараў», дроў і лясных будаўнічых матэрыялаў.
Непадалёк ад вёскі і станцыі купец А. І. Хлудаў пабудаваў прадзільную і ткацкую фабрыку (1873—1881), пря якой сфарміраваўся рабочы пасёлак.
Савецкая ўлада ўстаноўлена 28 кастрычніка (10 лістапада) 1917 года. У пачатку 1920-х гадоў была створана Ярцаўская воласць, у 1925 годзе цэнтр павета перанеслі ў Ярцава. У 1926 годзе Ярцава атрымала статус горада (уключыў вёску, станцыю і пасёлак пры фабрыцы). Раённы (з 1929), акруговы (май — ліпень 1930) цэнтр Заходняй (з 1929), затым Смаленскай (з 1937) абласцей.
У 1941 годзе Ярцава і раён — месца жорсткіх баёў у час Смаленскай бітвы. 16 ліпеня акупавана германскімі войскамі, 19 ліпеня вызвалена часцямі Чырвонай Арміі, ізноў занята немцамі 5 кастрычніка. У 1942—1943 гадах у Ярцаве існаваў канцлагер. Горад вызвалены 16 верасня 1943 года.
Ліцейна-пракатны завод, завод «Аўтамаш» (вытворчасць самаходнага горна-шахтнага абсталявання). Ярцаўскі баваўняны камбінат.