Ян Хохбіхлер (ням.: Johann Evangelist Hochbichler (Hochbüchler), польск.: Jan Hochbichler; 24 кастрычніка 1740, Цэль-ім-Цылерталь, Ціроль — 26 чэрвеня 1817, Полацк[3]) — тэолаг, рэктар Санкт-Пецярбургскага калегіума езуітаў (Collegium Petropolitanum Paulinum) і дэкан тэалагічнага факультэта Полацкай езуіцкай акадэміі.
У 1757 г. уступіў у Таварыства Ісуса. Вывучаў тэалогію ў Інгальштаце. Быў прафесарам фізікі ў Эйхштаце, прафесарам кананічнага права і маральнай тэалогіі ў Дылінгене. Пасля ліквідацыі ордэна выкладаў у калегіуме Св. Сальвадора ў Зальцбургу[3]. (У літаратуры таксама ёсць звесткі аб тым, што Хохбіхлер выкладаў філасафію, тэалогію і кананічнае права ў Вене[4].)
У 1801 г. выехаў у Беларусь, каб зноў далучыцца да Ордэна езуітаў. З 1802 г. быў віцэ-рэктарам, а ў 1803—1806 г. — рэктарам у Санкт-Пецярбургу. У 1805 г. Генеральная кангрэгацыя Таварыства Ісуса ў Расіі абрала яго адным з чатырох асістэнтаў новага генерала Тадэвуша Бжазоўскага. Апошнія гады жыцця працаваў у Полацку як прафесар тэалогіі і філасофіі, а ў 1813—1814 гг. яшчэ і як дэкан тэалагічнага факультэта[5].
У 1790 г. апублікаваў у Аўгсбургу працу Vertheidigung der natürlichen christlichen und katholischen Religion von Beda Meyr, untersucht von J. E. Hochbichler[3].