wd wp Пошук:

Ян Труэль

Ян Гу́стаф Труэль (шведск.: Jan Gustaf Troell; нар. 23 ліпеня 1931, Лімхамн, Мальмё, Швецыя) — адзін з самых тытулаваных шведскіх кінарэжысёраў, намінант на прэміі «Оскар» і «Незалежны дух», прызёр дзясяткаў міжнародных кінафестываляў і лаўрэат шматлікіх прэстыжных кінапрэмій, у тым ліку «Сярэбраны мядзведзь» 42-га Берлінале за рэжысёрскую работу стужкі «Капітан(англ.) бел.».

Вядомым у Швецыі Труэль стаў пасля рэлізу дэбютнай драмы «Вось тваё жыццё(англ.) бел.», у свеце маладога рэжысёра ўведалі пасля прэм’еры высокабюджэтнага фільма «Эмігранты», які атрымаў два «Залатыя глобусы» і намінаваўся на пяць «Оскараў». Да канца 1960-х гадоў Труэль стаў адным з лідараў г.зв. Групы 13 (разам з Бу Відэрберг, сваім настаўнікам і блізкім сябрам)[3].

Рэжысёрскі стыль Яна Труэля вылучаецца паэтычнай вобразнасцю персанажаў, энергічным буйным планам ўступных кадраў і выразным паказам думак і пачуццяў герояў[4]. Фільмы Яна Труэля вядомыя ва ўсім свеце, многія з іх лічацца класікай скандынаўскага кінематографа[5].

Ян Труэль найбольш вядомы як стваральнік дылогіі пра шведскіх эмігрантаў — «Эмігранты» і «Пасяленцы», выдатным выкананнем роляў у гэтых карцінах вызначыліся Макс фон Сюдаў і Ліў Ульман.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і стаматолага Густафа Труэля. Яну было восем гадоў, калі пачалася Другая сусветная вайна, разам з бацькамі і двума братамі жыў на шведскім паўднёвым узбярэжжы, насупроць Капенгагена, былі выпадкі, што яны чулі кананаду[6].

У сярэдзіне 1950-х гадоў Труэль пачаў працаваць у мясцовай школе і тады купіў 8 мм камеру, на якую зняў свой першы кароткаметражны фільм пад назвай «Хлусня, або млявыя ўздыхі на млыну»[5]. Неўзабаве шведскае тэлебачанне выкупіла у Труэля права на паказ карціны[5].

Цягам многіх гадоў Труэль працаваў аператарам на здымачных пляцоўках праектаў Бу Відэрберга, але ўжо ў 1966 годзе дэбютаваў як рэжысёр, зняў драму «Вось тваё жыццё(англ.) бел.», у аснове сцэнарыя карціны аўтабіяграфія вядомага шведскага пісьменніка Эйвінда Юнсана[7]. У Швецыі фільм меў вялікі поспех, дзякуючы яму Труэля заўважыў драматург Вільгельм Муберг, які тым часам шукаў рэжысёра для экранізацыі свайго цыклу раманаў «Эмігранты»[8].

У 1968 годзе Труэль зняў стужку «Эне, бэне, рэс(англ.) бел.», якая атрымала галоўны прыз 18-га Берлінскага кінафестывалю. Праз два гады Труэль пачаў здымкі «Эмігрантаў», Вільгельм Муберг кансультаваў Труэля на здымачнай пляцоўцы і, урэшце, карцінай быў задаволены. Здымкі праходзілі ў самой Швецыі і ў ЗША[7]. За рэжысуру і сцэнарый «Эмігрантаў» Труэль быў намінаваны на прэмію «Оскар».

Праз год рэжысёр зняў сіквэл «Эмігрантаў» — «Пасяленцы» з тымі ж Сюдавым і Ульман у ролях, але стужка не мела поспеху сваёй папярэдніцы. У 1992 годзе, на 42-м Берлінскім кінафестывалі, Труэль атрымаў «Сярэбранага мядзведзя» за лепшую рэжысёрскую работу фільма «Капітан(англ.) бел.». З наступных праектаў Труэля вылучаецца байапік «Гамсун(англ.) бел.», дзе ролю пісьменніка Кнута Гамсуна выконвае талісман Труэля Макс фон Сюдаў, і арт-хаўсны хіт «Незабыўныя моманты(англ.) бел.», намінаваны на «Залаты глобус»[9].

У снежні 2012 года выйшаў новы фільм Труэля — біяграфічная драма «Суд над нябожчыкам(англ.) бел.»[6]. Рэжысёр традыцыйна хацеў узяць на галоўную ролю Макса фон Сюдава, аднак потым палічыў, што акцёр дужа стары для ролі харызматычнага журналіста Торгню Сегерстэта[6].

Ян Труэль жыве і працуе ў невялікім паселішчы Смюгехамн(англ.) бел.[9]. Жанаты з пісьменніцай і сцэнарысткай Агнетай Ультсётэр-Труэль, мае дачку Ёхану. Неаднакроць заяўляў, што ісці на пенсію не плануе[6].

Значэнне і рэжысёрскі стыль

У канцы 1960-х гадоў Бу Відэрберг і Ян Труэль былі лідарамі г. зв. Групы 13, новага руху ў шведскім кіно, які кінуў старую тэндэнцыю здымаць фільмы ў дакументальнымі стылі і на чорна-белай стужцы[3]. Яны ж упершыню звярнуліся да колеру і анамарфіраванага фармату CinemaScope, што прычынілася двух буйных праектаў: «Эльвіра Мадыган “Эльвіра Мадыган, фільм)")» у Відэрберга і «Эмігранты» у Труэля[3]. Абодва рэжысёра зрабілі сабе імя на гэтых фільмах, якія атрымалі шмат розных узнагароды на міжнародных фестывалях[3].

Раннія фільмы Труэля, «Эмігранты» і «Пасяленцы», працягвалі старую шведскую традыцыю супрацоўніцтва з аўтарам экранізуемага твора і рэжысёрам-пастаноўшчыкам[3]. Асноўная праблема, якая ўзнікла пры здымках абодвух карцін — вялікі прамежак часу, ахоплены сюжэтам раманаў Муберга[3]. Труэль пераадолеў гэту праблему і ў Швецыі яго ўведалі, як рэжысёра здольнага пераўтвараць прозу ў карцінку на экране, ні на крок не адхіліўшыся ад арыгіналу[3]. Эмігранцкая дылогія закранала звыклую для фільмаў Труэля тэму — мізагінію[10]. Сюжэт большасці яго карцін фіксуецца на барацьбе адзінокага мужчыны з недасяжнай мэтай — існасцю, лёсам, праўдай[10]. Труэль паказвае бедных людзей праз прызму простай і архаічнай мовы, ён змешвае цягучыя кадры с напружаным буйным планам[10].

Элемент, які вылучае рэжысёрскі стыль Яна Труэля — прысутнасць Макса фон Сюдава амаль ў кожнай стужцы, яны робяць разам з 1963 года[11]. «Рабіць з Максам — гэта заўсёды прыгода» — кажа Труэль[11].

Фільмаграфія

Узнагароды і намінацыі

ГодНазваУзнагародаКатэгорыяВынік
1965 «4 x 4» Маскоўскі міжнародны кінафестываль Ганаровы дыплом Перамога
1966 «Вось тваё жыццё» «Залаты жук» «Лепшая рэжысёрская работа» Перамога
Берлінскі кінафестываль Прыз міжнароднага евангелісцкага журы Перамога
Прыз Еўрапейскай канфедэрацыі мастацкага кіно Перамога
Узнагарода C.I.D.A.L.C Перамога
«Залаты мядзведзь» Намінацыя
1968 «Эне, бэне, рэс» Берлінскі кінафестываль «Залаты мядзведзь» Перамога
Прыз міжнароднага евангелісцкага журы Перамога
Прыз Міжнароднай Каталіцкай арганізацыі ў галіне кіно Перамога
Прэмія міжнароднага саюза кінакрытыкаў Перамога
Залаты прыз міжнароднай гільдыі пісьменнікаў Перамога
1971 «Эмігранты» «Джусі» «Лепшы замежны рэжысёр» Перамога таксама за «Пасяленцаў»
«Оскар» «Лепшы рэжысёр» Намінацыя
«Лепшы адаптаваны сцэнарый» Намінацыя
1972 «Пасяленцы» «Джусі» «Лепшы замежны рэжысёр» Перамога таксама за «Эмігрантаў»
«Бодыль» «Лепшы еўрапейскі фільм» Перамога
1974 «Нявеста Зэндзі» «Давід дзі Данатэла» «Еўрапейскі Давід» Перамога
1977 «Бах!» Канскі кінафестываль «Залатая пальмавая галіна» Намінацыя
1988 «Краіна саг» Берлінскі кінафестываль Прыз «Інтэрфільма» — ганаровая ўпамінанне Перамога
1989 «Залаты жук» Ганаровая прэмія за жыццёвыя дасягненні Перамога
1991 «Капітан» «Залаты жук» «Лепшы фільм» Перамога
«Лепшая аператарская работа» Намінацыя
Берлінскі кінафестываль «Сярэбраны мядзведзь» за лепшую рэжысёрскую работу Перамога
«Залаты мядзведзь» Намінацыя
«Аманда» «Лепшы замежны фільм» Перамога
1996 «Гамсун» Міжнародны кінафестываль ў Вальядалідзе «Залаты колас» Намінацыя
Скандынаўскі кінафестываль у Руане Гран-пры журы Перамога
Міжнародны кінафестываль у Манрэале Гран-пры за выключны ўклад у кінематограф Перамога
Прыз экуменічнага журы Перамога
1997 «Замарожаная мара» Міжнародны кінафестываль у Вальядалідзе «Лепшы дакументальны фільм» Перамога
Міжнародны кінафестываль у Сан-Францыска Сертыфікат якасці Перамога
2001 «Белы як снег» Міжнародны кінафестываль у Манрэале Гран-пры Намінацыя
«Залаты жук» «Лепшая рэжысёрская работа» Перамога
«Лепшая аператарская работа» Перамога
«Лепшы сцэнарый» Намінацыя
2008 «Незабыўныя моманты» Міжнародны кінафестываль у Вальядалідзе «Лепшы аператар» Перамога
«Залаты колас» Намінацыя
«Роберт» «Лепшы неамерыканскі фільм» Перамога
Нацыянальнае таварыства кінакрытыкаў ЗША «Лепшая аператарская работа» Намінацыя
«Незалежны дух» «Лепшы замежны фільм» Намінацыя
«Залаты жук» «Лепшая рэжысёрская работа» Намінацыя
«Лепшая аператарская работа» Намінацыя
«Лепшы сцэнарый» Намінацыя
Міжнародны кінафестываль у Чыкага «Залаты Х’юга» (галоўны прыз) Намінацыя
«Бодыль» «Лепшы неамерыканскі фільм» Намінацыя
2012 «Суд над нябожчыкам» Міжнародны кінафестываль у Чыкага «Залаты Х’юга» (галоўны прыз) Намінацыя
«Залаты жук» «Лепшая рэжысёрская работа» Намінацыя
«Лепшая аператарская работа» Намінацыя (сумесна з Мішам Гаўрусьёвым)
Міжнародны кінафестываль у Манрэале «Лепшы рэжысёр» Перамога
Гран-пры журы Намінацыя

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #123529670 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 кастрычніка 2015.
  2. Jan Troell // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 Soila, Soderbergh-Vidding, Iverson, 1998, p. 216
  4. Larsson, Marklund, 2010, p. 259
  5. 1 2 3 Larsson, Marklund, 2010, p. 256
  6. 1 2 3 4 Macnab G. Jan Troell (англ.) . Screen Daily (13 лютага 2012). Праверана 13 ліпеня 2012.
  7. 1 2 Nordstrom, 2010, p. 139
  8. Steene, 1972, p. 11
  9. 1 2 Addiego W. Q&A with Jan Troell (англ.) . SFGate (21 лютага 2010). Праверана 13 ліпеня 2012.
  10. 1 2 3 Iverson, Soderbergh Vidding, Soila, 1998, p. 217
  11. 1 2 Innes C. Max Von Sydow, ’the Swedish Laurence Olivier’ (англ.) . Los Angeles Times (27 декабря 1999). Праверана 14 ліпеня 2012.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Сцэнарысты Швецыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сцэнарысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мальмё
Катэгорыя·Нарадзіліся 23 ліпеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Кінарэжысёры паводле алфавіта
Катэгорыя·Кінарэжысёры Швецыі
Катэгорыя·Кінааператары Швецыі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кінааператары паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1931 годзе