У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сасноўскі.
Ян Саснўскі (? — 27 красавіка 1660) — ваенны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Кашталян полацкі (з 1654).
У якасці таварыша гусарскай харугвы ўдзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629. У 1622 кіраваў абаронай Біржаў ад шведаў.
У 1635 пры падтрымцы Крыштафа Радзівіла Ян Сасноўскі быў прызначаны падстоліем віленскім. Летам 1648 удзельнічаў у Віленскім правінцыяльным сінодзе кальвіністаў.
У час антыфеадальнай вайны 1648—1651 камандаваў абаронай Слуцка ад казацкага атрада Яна Сакалоўскага. У пачатку 1651 атрымаў загад на збор гусарскай харугвы колькасцю 150 чалавек, але па загаду Януша Радзівіла мусіў набіраць 2 казацкія харугвы (300 чалавек). У красавіку-чэрвені 1651 на чале казацкай харугвы ваяваў супраць украінскіх казакоў у Мазырскім павеце.
Па пратэкцыі Багуслава Радзівіла ў 1654 годзе атрымаў пасаду полацкага кашталяна.
Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667. У студзені-лютым харугва Яна Сасноўскага ваявала супраць расійскіх войск каля Магілёва і Быхава, але невядома, ці быў пры ёй сам Ян Сасноўскі. Пасля падпісання Кейданскай дэкларацыі 1655 Ян Сасноўскі застаўся верным каралю Яну II Казіміру, у верасні 1655 яго харугва пакінула войска Януша Радзівіла. Летам 1656 Ян Сасноўскі ад імя караля спрабаваў авалодаць Слуцкам, магчыма, у гэтым жа годзе перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Летам 1659 быў накіраваны гетманам Паўлам Янам Сапегам пад Быхаў на дапамогу казацкаму палкоўніку Івану Нячаю. Злучыўшыся з атрадам Самуэля Аскеркі пад Койданавам, у жніўні 1659 войскі Яна Сасноўскага рушыла пад Менск, а потым пад Бабруйск, але з прычыны нявыплаты грошаў жаўнеры далей ісці адмовіліся і размясціліся ў Глуску. Адзінай сур’ёзнай акцыяй паходу стаў рэйд невялікага атрада пад Магілёў, у выніку якога былі спалены гарадскія прадмесці.
Ян Сасноўскі быў адным з найбольш выдатных камандзіраў войска ВКЛ сярэдняга звяна.