wd wp Пошук:

Ялегі Пранціш Вуль

Ялегі Пранціш Вуль, сапраўднае імя Элігій-Францішак Карафа-Корбут (9 (21) красавіка 1835, Віцебск — 8 снежня 1894, Варшава) — беларускі паэт[1].

Удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага, за ўдзел у якім быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі гурток. Аўтар верша «К дудару Арцёму ад надзвінскага мужыка» — аднаго з найлепшых узораў раннебеларускай грамадзянскай лірыкі. Разглядаецца асобнымі даследчыкамі як магчымы аўтар альбо суаўтар паэмы «Тарас на Парнасе»[2][3].

Біяграфія

Нарадзіўся ў Віцебску 21 красавіка 1835 года, быў старэйшым сынам у сям’і беднага віцебскага чыноўніка Маўрыкія Фаміча Карафа-Корбута. З 1846 года вучыўся ў Віцебскай гімназіі. Верагодна з-за слабага здароўя і неўладкаванага матэрыяльнага становішча сям’і будучы паэт не здолеў скончыць сёмы выпускны клас гімназіі.

Пасля зыходу з гімназіі Ялегі Пранціш Вуль уладкаваўся пісарам у Віцебскую Палату дзяржаўных маёмасцей(руск.) бел., дзе займаўся акцызнымі пытаннямі, зборам і ўлікам падаткаў ад продажу гарэлкі і працаваў там у 1856-1862 гадах[1]. Гэты этап жыцця паэта засведчаны дакументальна:

" По выбытии из седьмого класса Витебской губернской гимназии поступил на службу в Витебскую палату государственных имуществ писцом среднего разряда хозяйственного отделения тысяча восемсот пятьдесят шестого года апреля двадцатого. Помещён на вакансию писца высшего разряда в том же отделении 30 октября 1857 года. Согласно прошению уволен от службы для поступления в высшее учебное заведение по постановлению 30 июля 1862 года[4] "

Верагодна, недзе ў 1856 годзе Вуль пазнаёміўся з беларускім пісьменнікам Арцёмам Вярыгам-Дарэўскім, у чыім «Альбоме» 23 красавіка 1859 года з’явіўся 28-ы запіс, зроблены Ялегіям Пранцішам Вулем, які складаўся з беларускага верша «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» і польскага «Няновая думка». У тым жа 1859 годзе яшчэ два польскія вершы Вуля — «Канец дарогі» і «Размова з сяброўкай» — з’явіліся ў варшаўскім часопісе «Ruch Muzyczny».[5]

Уся сям’я ўдзельнічала ў паўстанні 1863—1864 гадоў, Ялегі і яго брат Вільгельм былі сасланыя ў Сібір на пасяленне[1], а бацька асуджаны да 8 гадоў катаргі. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі гурток[1]. Працаваў карэктарам у «Газеце польскай». Памёр пасля цяжкай хваробы 8 снежня 1894. Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі ў Варшаве.[5]

Творчасць

Што табе, дудар, прыспела
Смелы песнi завадзiць?
Цi то лёгкае, брат, дзела
Нашу браццю прасвяцiць?
Крыкнуць на цябе паноўя,
Што ты шкоднiк i мiсцюк, —
Страцiш голас i здароўе
I дуду упусцiш з рук.

Я. Вуль. Радкі з верша «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка».[6]

Ужо падчас вучобы Ялегі Пранціш вылучаўся сваімі літаратурнымі здольнасцямі. У ранні перыяд творчасці індывідуальная манеры будучага пісьменніка фарміравалася пад вызначальным уплывам А. Вярыгі-Дарэўскага і Г. Марцінкевіча, беларускай народнай культуры і традыцыямі расійскай прафесійнай паэзіі. Дасылаў агляды культурнага жыцця Віцебска ў варшаўскую «Gazetę codzienną». Аднымі з вучнёўскіх прац, якія былі дакументавана засведчаныя як кіраўніцтвам гімназіі, так і апекуном Пецярбургскай навучальнай акругі(руск.) бел. былі «Воспоминания детства и юности» (верасень 1851), «Витебск» (верасень 1852), «Крестины ў белорусских крестьян» (май 1853), «О Державине вообще и об оде „Бог“ в особенности» (студзень 1854).

Адзіны вядомы беларускамоўны верш «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» адметны дасканаласцю формы, натуральнасцю і чысцінёй мовы, а таксама сведчыць пра дэмакратычныя погляды аўтара[1].

Пісаў таксама на польскай мове[1].

Першапублікацыя верша «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» адбылася ў «Нашай Ніве» 9 лістапада 1912 года. Затым яго тэкст быў уключаны ў «Хрэстаматыю беларускае літаратуры» Максіма Гарэцкага.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 Вуль Елеги Прантиш // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 129. — 737 с.
  2. Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX стагоддзе: Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2. C. 188—191
  3. Запрудскі І. Ялегі Пранціш Вуль і пытанне атрыбуцыі паэмы «Тарас на Парнасе» // Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Мн., 2004. Вып.5.
  4. Г. Б. Кісялёў. Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 369
  5. 1 2 Хаўстовіч М. Знайсці Ялегі Пранціша Вуля ў Варшаве. // Даследванні і матэрыялы. Т.5., Варшава, 2019. C. 229—239.
  6. Альбом в кожаном футляре (руск.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (27):
Катэгорыя·Рускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Пісьменнікі Расійскай імперыі
Катэгорыя·Выпускнікі Віцебскай мужчынскай гімназіі
Катэгорыя·Памерлі ў 1894 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Карафа-Корбуты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Віцебску
Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Паэты Расійскай імперыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пахаваныя на Паванзкоўскіх могілках
Катэгорыя·Памерлі ў Варшаве
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Катэгорыя·Польскамоўныя паэты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 красавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1835 годзе
Катэгорыя·Памерлі 8 снежня
Катэгорыя·Артыкулы пра пісьменнікаў без партрэтаў
Катэгорыя·Паэты Польшчы
Катэгорыя·Публіцысты Расійскай імперыі