wd wp Пошук:

Якаб Іорданс

Якаб Іорданс (19 мая 1593, г. Антверпен, Бельгія — 18 кастрычніка 1678) — фламандскі жывапісец. Лічыцца, асабліва пасля смерці Рубенса, які аказаў на яго вялікі ўплыў, адным з выбітных прадстаўнікоў фламандскага барока.

Біяграфічныя звесткі

Сям’я Іорданс у садзе. каля 1621.
Прада. Мадрыд

3 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрландскага мастацтва XVI ст., выкарыстоўваў дасягаенні Караваджа і Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40 г. Усё сваё жыццё пражыў у Паўднёвых Нідэрландах, толькі ў 1641 г. працаваў нядоўга ў Англіі. Яго карціны можна знайсці ў любой царкве Антверпена. Нават пасля яго звароту ў кальвінізм у 1645 г. каталіцкая царква працягвала заказваць яму працы.

Творчасць

Якаб Іорданс быў прадаўжальнікам традыцый Пітэра Рубенса. Адзін з лепшых памочнікаў у майстэрні Рубенса, ён многаму тут навучыўся. Але галоўнае, што было ўзята і развіта Я. Іордансам, гэта рэалістычнасць і жыццёвая пераканаўчасць выяўлення. За якія б тэмы ні браўся мастак — міфалагічныя, біблейскія, бытавыя, — ён захоўваў цвярозы погляд на рэчаіснасць, здаровы народны пачатак.[5]

«Алегорыя ўрадлівасці»

Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622).

1620—30-ыя г. лічацца часам росквіту таленту жывапісца. Ён адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару. У гэтыя гады напісаны работы «Алегорыя ўрадлівасці», «Праметэй», «Меркурый і Аргус», «Адысей у пячоры Паліфема», дзе міфалагічныя сюжэты трактуюцца як поўнасцю жанравыя. Улюбёным жанрам Я. Іорданса быў бытавы. Герояў для сваіх твораў ён шукаў у сялянскім асяроддзі, у народным натоўпе, а тэмы — у народных прымаўках, байках і паданнях.

«Сатыр у гасцях у селяніна»

Адна з цікавых работ мастака — карціна «Сатыр у гасцях у селяніна» (1620), напісаная на сюжэт байкі Эзопа. Адпаведна яму казланогая істота, апынуўшыся ў доме просталюдзіна, была запрошана да стала і вельмі здзівілася «двудушнасці» людзей. Тыя дзьмуць на рукі, каб іх сагрэць, і на лыжку кашы, каб яе астудзіць. Я. Іорданс піша некалькі варыянтаў сцэны (найбольш вядомыя творы зберагаюцца ў музеях Мюнхена, Будапешта і Масквы), але заўсёды паўтарае адзін і той жа знойдзены падыход у раскрыцці тэмы «свет — рэчаіснасць». У карціне ўсё — ад герояў апавядання да падрабязнасцей акружэння — рэальна, жыццёва і пераканаўча.

Своеасаблівасць творчасці Я. Іорданса выказалася ў шматфігурных жанравых палотнах «Свята баровага караля» (1638) і «Кароль п’е» (да 1656), якія таксама вядомы ў шматлікіх аўтарскіх паўтарэннях. Гэта паказ бязмежнай, неўтаймаванай весялосці, грубаватых, але шчырых пачуццяў простых людзей. Карціны нібыта прасякнуты рухам, дынамікай, якія перадаюцца дзякуючы дакладна выверанай пластыцы паказаныхфігур, згарманізаваным пераходам святла і ценяў.

У позні перыяд творчасці Я. Іорданс працягваў працаваць у розных жанрах (бытавым, партрэтным), звяртаўся да біблейскіх і міфалагічных тэм. Да лепшых работ гэтых гадоў адносяцца кампазіцыі «Няптун, які выкрадае Амфітрыду», «Выгнанне гандляроў з храма» (абедзве — 1620-ыя), «Сямейны партрэт» (каля 1615), «Пакланенне вешчуноў» (1618—20), «Партрэт пары ван Сурпель» (каля 1636).

Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118558331 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 кастрычніка 2015.
  3. 1 2 Йорданс Якоб // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. 1 2 3 4 5 6 7 8 https://rkd.nl/explore/artists/42880
  5. Лазука (2010)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Мастакі Фландрыі
Катэгорыя·Нарадзіліся 19 мая
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1593 годзе
Катэгорыя·Памерлі 18 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў Антверпене
Катэгорыя·Памерлі ў 1678 годзе
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Антверпене
Катэгорыя·Мастакі барока