wd wp Пошук:

Язэп Шпэт

Язэп Геркуланавіч Шпэт (23 лютага 1891, Зембін, Барысаўскі павет, Мінская губерня — 21 студзеня 1955) — беларускі пісьменнік, публіцыст, фалькларыст.

Біяграфія

Нарадзіўся 23 лютага 1891 года ў мястэчку Зембін Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер — Барысаўскі раён Мінскай вобласці). Бацька, Геркулан Шпэт, быў арганістам зембінскага касцёла. Язэп пасля пачатковай адукацыі навучаўся ў Вільні на майстра па вытворчасці масла. Тут Язэп хутка стаў актывістам: гуртаваўся з беларускімі дзеячамі Вільні, жадаў уладкавацца на працу ў «Нашу Ніву». Аднак лёс склаўся інакш і са сканчэннем навучання Язэп быў вымушаны вярнуцца на Барысаўшчыну.

У 1911—1912 гадах ён выконваў абавязкі панскага аканома ў маёнтках Замошша і Казімірава. Падтрымліваў сувязі з вядомым гісторыкам беларускай літаратуры і краязнаўцам Рамуальдам Зямкевічам, які настойліва раіў Шпэту запісваць фальклор і народныя абрады.

У 1913 годзе ён вярнуўся ў Вільню, дзе ў выданні «Беларус» было надрукавана яго першае апавяданне «Сіроцкая доля». У два перадваенныя гады Язэп актыўна друкаваўся ў «Нашай Ніве» і «Беларусе» — за гэты час з’явілася больш за 20 яго расказаў. З пачаткам Першай сусветнай вайны Язэп быў мабілізаваны, аднак не спыніў супрацоўніцтва з беларускімі выданнямі — дасылаў апавяданні, паведамленні і нататкі з фронта.

Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года Язэп Шпэт вярнуўся ў родны Зэмбін. Да рэвалюцыі Язэп ставіўся прыхільна, друкаваўся ў мінскай газеце «Вольная Беларусь», на старонках якой публікаваў «незалежніцкія» артыкулы. Працаваў сакратаром Зембінскага суда, рахункаводам Плешчаніцкага і Каменскага вучылішчаў, рахункаводам-статыстыкам Барысаўскай МТС, лабарантам на Зембінскім масласырзаводзе.

Быў адным з арганізатараў калгасаў, пра што хваліўся у сваіх газетных артыкулах. У савецкі час друкаваўся ў газетах «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» (пад псеўданімамі «Дзядзька Язэп», «Свой»). Апантана займаўся краязнаўствам: збіраў фальклор, этнаграфічныя матэрыялы, друкаваўся ў часопісе «Наш край».

У 1930-х спыніў сваю публіцыстычную і грамадскую дзейнасць. Пад канец 1930-х уладкаваўся бухгалтарам у вясковым калгасе і прапрацаваў там да канца жыцця.

Памёр 21 студзеня 1955 года. Пахаваны ў Зембіне на каталіцкіх могілках.

Літаратура

Язэп Шпэт: Зэмбінскі «нашанівец» Архівавана 9 снежня 2017.

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Нарадзіліся 23 лютага
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1891 годзе
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Памерлі 21 студзеня
Катэгорыя·Памерлі ў 1955 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя ў Барысаўскім раёне
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Зембіне