wd wp Пошук:

Юзаф Сцыпіён

Юзаф Сцыпіён (Сцыпіё дэль Кампа) (? — да 9 чэрвеня 1743) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Староста лідскі (1720—1743), маршалак надворны літоўскі (1739—1743).

Біяграфія

Паходзіў з роду Сцыпіёнаў уласнага герба, адзіны дасцігшы паўналецця сын Яна Сцыпіёна, смаленскага кашталяна, і Тэрэзы Юзафовіч-Глябіцкай.

Ян Сцыпіён рана пачаў далучаць сына да адказных спраў. У 1717 годзе той быў абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1720 годзе бацька перадаў Юзафу Лідскае староства. Як мага раней Ян Сцыпіён імкнуўся вылучыць адзінаму сыну асобнае ўладанне. У 1718 г. з дазволу караля Аўгуста II Моцнага ён перадаў Юзафу вёску Горні, у 1735 — Кульбакі, у 1736 — Барцяны і Пуршчы ў Лідскім павеце. Юзаф атрымаў заможны стан, адпаведны для актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці. Юзаф Сцыпіён неаднаразова выбіраўся на соймы Рэчы Паспалітай ад Лідскага павета, Смаленскага ваяводства і Інфлянтаў. На соймах 1729, 1730 і 1733 Юзаф Сцыпіён спрабаваў атрымаць пасаду маршалка сойму, але безпаспяхова. Паводле аўтараў «Польскага біяграфічнага слоўніка» за кулісамі сойму Юзафа абвінавачвалі ў плябейскім паходжанні, але ніхто не адважыўся выказаць гэта адкрыта.

Некалькі разоў Юзаф Сцыпіён выконваў знешнепалітычныя місіі. Ён веў перамовы з папскім нунцыям (1724), працаваў у камісіі па справах Курляндыі (1727). Юзаф Сцыпіён не здолеў атрымаць пасаду троцкага кашталяна, чаму перашкодзіў літоўскі падканцлер Міхал Чартарыйскі. Затое ў 1739 ён стаў маршалкам надворным літоўскім, што лічылася міністэрскай пасадай.

Юзаф Сцыпіён неверагодна ўзмацніў маёмасны і дынастычны стан свайго роду. Першы раз ён ажаніўся ў 1728 з Веранікай Фірлей — дачкой каменьскага кашталяна Анджэя Фірлея. Пасля смерці ў 1730 яе брата Якуба, Вераніка стала адзіным нашчадкам усёй маёмасці Фірлеяў, якая такім чынам трапіла да Сцыпіёнаў. Ад бацькі Юзаф Сцыпіён меў Шчучынак, Балотна (Воранава), Палубнікі, Сукурчы, Горні, Кульбакі, Борці і Пуршчы ў Лідскім павеце і Канюхі ў Ваўкавыскім павеце. Пасля смерці каля 1739 жонкі Веранікі Юзафу Сцыпіёну дасталася ўся спадчына Фірлеяў ў Люблінскім і Рускім ваяводствах, у тым ліку юрыдыка ў Любліне. Дзякуючы сваім багаццям Юзаф Сцыпіён рабіў вялікія ахвяраванні кляштарам піяраў у Шчучыне і Воранаве і дамініканам у Канюхах. Ён падтрымаў сваю маці ў заснаванні ў Шчучыне канвенту сясцёр міласэрнасці ў 1742. Другой жонкай Юзафа Сцыпіёна стала ў 1740 Тэрэза Барбара Радзівіл — дачка новагародскага ваяводы Мікалая Фаўстына Радзівіла. Фактычна гэты шлюб можна разглядаць як прызнанне за Сцыпіёнамі роўнага становішча з боку магнатаў ВКЛ. У 1742 у Дрэздэне кароль Аўгуст III адзначыў Юзафа Сцыпіёна ордэнам Белага Арла — вышэйшай узнагародай у Рэчы Паспалітай.

Крыніцы

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Памерлі ў 1743 годзе
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Белага арла (Рэч Паспалітая)
Катэгорыя·Сцыпіёны дэль Кампа
Катэгорыя·Сенатары Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Род Сцыпіёнаў дэль Кампа
Катэгорыя·Старосты лідскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1709 годзе
Катэгорыя·Маршалкі надворныя літоўскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў Шчучыне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Нарадзіліся 30 лістапада