Эдвард Тэйлар (англ.: Edward Taylor; каля 1642—1729) — амерыканскі паэт і святар.
Нарадзіўся ў Англіі. Сын фермера сярэдняй рўкі — незалежнага фермера, уладальніка сваёй уласнай зямлі, — Эдвард Тэйлар быў настаўнікам, які ў 1668 г. прыплыў у Новую Англію. Атрымаўшы адукацыю ў Гарвардзе, як усе свяшчэннікі, што прайшлі там падрыхтоўку, ён ведаў грэчаскую, лацінскую і яўрэйскую мовы. Самаадданы і набожны чалавек у адносінах да пасяленцаў, Эдвард Тэйлар дзейнічаў як місіянер, калі пагадзіўся на службу святара ў памежным горадзе Уэстфілдзе (Масачусетс), 160 кіламетраў углыб лясных гушчароў і дзікай прыроды. Ён быў найлепш адукаваным чалавекам у гэтых мясшнах і выкарыстоўваў свае веды мэтанакіравана, працуючы ў якасці гарадскога галавы, лекара і грамадзянскага кіраўніка.
Сціплы, набожны і працавіты, Эдвард Тэйлар ніколі не друкаваў сваіх вершаў, якія былі знойдзены толькі ў 1930-х. Пры тым ягоныя вершы — найлепшыя ўзоры паўночнаамерыканскай паэзіі XVII стагоддзя. Эдвард Тэйлар пісаў разнастайныя вершы: хаўтурныя элегіі, лірыку, сярэднявечныя «дыялогі» і 500-старонкавую «Вершаваную гісторыю хрысціянства» (пераважна гісторыі пакутнікаў). Яго найлепшыя творы, з пункту гледжання сучасных крытыкаў, — серыі кароткіх роздумаў.