wd wp Пошук:

Шчурок

Шчурок, шчур звычайны (Pinicola enucleator) — птушка сямейства Уюрковыя (Fringillidae).

Апісанне

Даўжыня цела 20—22 см, размах крылаў 30,5—35 см, вага 48—50 г. Параўнальна вялікі, з дзвюма белымі палосамі на крыле. Дзюба кароткая i тоўстая, яе верхняя кручкаватая частка выступае над ніжняй. Хвост доўгі. Выразны палавы дымарфізм. У самцоў апярэнне галавы, спіны і грудзей малінавыя, брушка шэрае, крылы і хвост чарнавата-бурыя. У самак малінавы колер заменены бруднаватым жоўта-аранжавым. Маладыя падобныя да самкі. Спеў — меладычныя свіст.

Пашырэнне

Арэал: Паўночная Еўропа і астатняя частка Галарктыкі без крайняй поўначы і поўдня. У Азіі паўднёвая мяжа на поўначы Манголіі, у Амерыцы — на поўдзень праз горы на захад да Арызоны. Насяляе паўночныя раёны хваёвай тайгі з прымессю вольхаў і бяроз, а таксама мяшаныя лясы. У час пералётаў па-за гнездавым арэалам, галоўным чынам, у хваёвых лясах, асабліва з ягаднымі кусцікамі або падростам. Можа залятаць у гарады.

Аселы, часам пералётны (інвазійны) від. Падчас інвазій залятае аж да Цэнтральнай, Заходняй і Паўднёвай Еўропы (Францыя, Вялікабрытанія, Нідэрланды, Германія, Данія, Літва, Польшча, Славакія, Венгрыя, Аўстрыя, Швейцарыя, Італія, Украіна). Далятае да Масквы, Кірава, Азоўскага мора; у Японіі — да Хакайда. На тэрыторыі Беларусі практычна не гняздуецца, але часам залятае ўзімку падчас качовак і інвазій. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС невялікая калонія шчурка пасялілася на тэрыторыі зоны адчужэння ў Нараўлянскім раёне.

Асаблівасці біялогіі

Корміцца пупышкамі і насеннем хвоі, пладамі рабіны, ядлоўцу і інш.

Гняздо звычайна на елцы ці сасне ў развілцы галін бліжэй да ствала на вышыні 2—4 м ад зямлі, у некаторых месцах таксама ў ельніку або бярэзніку. Плоскае, аснова з тонкіх галінак хваёвых дрэў (звычайна елак, радзей сасны), бярозы i ядлоўцу, якія тырчаць ва ўсе бакі па-за гняздом. Сценкі з тонкіх сухіх галінак, кавалкаў ядлоўцу, травы і карэньчыкаў (звонку ўплецены кавалкі імхоў і лішайнікаў), высцілка з тонкіх карэньчыкаў, травінак, лішайнікаў, моху, часам з дамешкам шэрсці.

Яйкі

Яйкі (4, часам 3—5) звычайна крыху падоўжаныя з вострым вузейшым канцом, бела-блакітныя, светла-шэра-блакiтныя або зеленавата-блакітныя; глыбокія плямкі светла-шэра-фіялетавыя ці іржава-шэрыя, паверхневыя — большыя, рэдкія, карычнева-чорныя ці цёмна-пурпурова-карычневыя, згушчаныя на шырэйшым канцы.

Падвіды

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Уюрковыя
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе