Шліфаванне (ням.: schleifen — тачыць, паліраваць, шліфаваць) — 1) апрацоўка матэрыялаў абразіўным інструментам. Робіцца на шліфавальных станках, часам уручную пры дапамозе электраінструментаў.
Шліфаваннем апрацоўваюць цыліндрычныя, канічныя і фасонныя вонкавыя і ўнутраныя паверхні, вырабы з загартаваных легіраваных сталей і сплаваў, з керамікі, шкла, каменя, драўніны, бетону. У метала- і каменаапрацоўцы для шліфавання карыстаюцца кругамі, брускамі, сегментамі і інш., у дрэваапрацоўцы — шліфавальнымі стужкамі на папяровай, тканкавай або сінтэтычнай аснове. Цяжкаапрацоўвальныя дэталі шліфуюць электралітычным спосабам. Шліфаваннем атрымоўваюць высокадакладныя дэталі (6-9-га квалітэту) і гладкія паверхні (8-12-га класа шурпатасці).
Навуковыя даследванні ў Беларусі ў галіне шліфавання вядуцца з 1950-х гг. на Мінскім падшыпнікавым заводзе, у Фізіка-тэхнічным інстытуце НАН РБ, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.