У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лафос. Шарль дэ Лафос, або дэ Ла Фос (фр.: Charles de La Fosse; 15 чэрвеня 1636, Парыж — 13 снежня 1716, Парыж) — французскі мастак; вучань Лебрэна.
Яшчэ ў дзяцінстве Шарль дэ Лафос паступае ў вучні ў майстэрню мастака Шарля Лебрэна і ў 1650-х гадах займаецца разам са сваім настаўнікам афармленнем духоўнай семінарыі Сен-Сюльпіс і атэля Ламбер у Парыжы. У 1658—1663 гадах Лафос, па парадзе Лебрэна, падарожнічае па Італіі, жыве ў Рыме, Парме і Венецыі, дзе вывучае творчасць старых майстроў.
Пасля вяртання на радзіму Лафос, пры дапамозе Лебрэна, атрымлівае замовы па мастацкім афармленні палацаў Цюільры і Версаля. У 1673 годзе, пасля прадстаўлення ім свайго палатна Выкраданне Празерпіны, дэ Лафос прымаецца ў члены Каралеўскай акадэміі мастацтва і скульптуры, з 1674 ён — прафесар і выкладае ў парыжскай Школе вытанчаных мастацтваў. У 1689—1692 гадах мастак жыве ў Англіі і па заказу лорда Мантэгю займаецца інтэр’ерам яго лонданскага палаца на Блумсберы-сквер. У 1707 годзе дэ Лафос становіцца дырэктарам Акадэміі, і з 1715 — яе канцлерам.
Найбольш вядомымі працамі Лафоса з’яўляецца яго роспіс столі ў Доме інвалідаў («Св. Людовік, які складае з сябе меч да ног Збавіцеля») у Парыжы і фрэскі капэлы Версальскага палаца. Многія палотны ім былі напісаны для розных цэркваў, манастыроў і палацаў свецкай знаці. У працах гэтага мастака адчуваецца ўплыў венецыянскай школы жывапісу.
Яго вучнем быў французскі мастак-баталіст Шарль Парасель.