wd wp Пошук:

Чорны квадрат

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Чорны квадрат (значэнні).

«Чорны квадрат» (1915) — самая вядомая карціна Казіміра Малевіча.

Карціна прадстаўляе сабой палатно памерам 79,5 на 79,5 сантыметраў. На ім намаляваны чорны квадрат на белым фоне.

Гісторыя карціны

Карціна была напісана Малевічам улетку і ўвосень 1915 года [1]. Па сцвярджэнні мастака, ён пісаў яе некалькі месяцаў.

Карціна была выстаўлена на апошняй футурыстычнай выставе «0.10», якая адкрылася ў Пецярбургу 19 снежня 1915 года. Сярод трыццаці дзевяці карцін, выстаўленых Малевічам на самым бачным месцы, у так званым «чырвоным куце», дзе звычайна вешаюць абразы, вісеў «Чорны квадрат».

Пасля Малевіч напісаў некалькі копій «Чорнага квадрата» (паводле некаторых звестак, сем). Пэўна вядома, што ў перыяд з 1915 да пачатку 1930-х гадоў Малевіч стварыў чатыры варыянты «Чорнага Квадрата», якія адрозніваюцца малюнкам, фактурай і колерам. Адзін з «Квадратаў», хоць і датаваны аўтарам 1913-м годам, прынята адносіць да мяжы 1920-х—1930-х гадоў. Ім былі таксама напісаны карціны «Чырвоны квадрат» (у двух асобніках) і «Белы квадрат» («Супрэматычная кампазіцыя» — «Белае на белым») — адзін.

«Квадрат» сыграў сваю ролю ў афармленні пахавання Малевіча ў 1935 годзе. Падчас пахавання на адкрытай платформе грузавіка з малюнкам чорнага квадрата на капоце быў усталяваны супрэматычны саркафаг, а над магілай (блізу вёскі Нямчынаўкі) быў пастаўлены драўляны куб з малюнкам чорнага квадрата. Неўзабаве магіла была знішчана.

Гісторыя напісання карціны з «Квадратам»

Па сцвярджэнні самога мастака, «Квадрат» займаў цэнтральнае месца ў яго творчасці. «Я доўгі час не мог ні есці, ні спаць» — казаў Малевіч, — «і сам не разумеў, што такое зрабіў».

Існуе версія, што на з’яўленне «Квадрата» паўплывала смерць ад тыфу адзінага сына Малевіча, Анатоля, у кастрычніку 1915 года.

Іншая версія складаецца ў тым, што карціна была напісана пазней, да выстаўкі — паколькі велізарную залу трэба было чымсьці запоўніць. Гэта інтэрпрэтацыя заснавана на лісце Малевічу аднаго з арганізатараў выстаўкі:

Трэба пісаць цяпер шмат. Памяшканне вельмі вялікае, і калі мы, 10 чалавек, напішам карцін 25, то гэта будзе толькі-толькі[2].

Інтэрпрэтацыі

Непасрэдная рэакцыя крытыкі

«Правая» мастацкая крытыка ўспрыняла «Чорны квадрат» як антыхрысціянскі жэст. Найбуйнейшы на той момант мастацкі крытык, заснавальнік аб’яднання «Свет Мастацтва» Аляксандр Бенуа напісаў адразу пасля выстаўкі:

Несумнеўна, гэта і ёсць той абраз, які спадары футурысты ставяць наўзамен мадонны.

«Левая» крытыка зразумела «Квадрат» гэтак жа, але рэагавала на гэта захоплена. Вядома, што Міхаіл Гершэнзон трымаў адну з копій «Квадрата» у сябе ў кабінеце над сталом.

Інтэрпрэтацыі аўтара

Сам Казімір Малевіч у сваіх лекцыях аб мастацтве зваў «Квадрат» «Царскім Немаўлём», тым самым збліжаючы «Квадрат» з малюнкам Хрыста.

У віцебскі перыяд творчасці інтэрпрэтацыя «Квадрата» змянілася. У лістку УНАВМА № 1, які выйшаў у Віцебску 20 лістапада 1920 года, гаварылася:

Зрынванне старога свету мастацтва і будзе вычарчана на вашых далонях. Насіце чорны квадрат як знак сусветнай эканоміі.

Пазнейшыя інтэрпрэтацыі «Квадрата»

У наступны час некаторыя даследчыкі звязвалі «Квадрат» з яўрэйскімі матывамі ў творчасці Малевіча.

Леанід Каціс у працы «Ідэалогія віцебскага Уновісу, Іерусалімскі Храм і Талмуд»[3] узводзіць «Чорны квадрат» да тфілін:

Задамо сабе пытанне: «Што мог значыць выраз «чорны квадрат на чорным фоне», «чорны квадрат на белым фоне» і г.д. для маладых віцебскіх мастакоў-яўрэяў, якія пражылі ўсё сваё жыццё ў яўрэйскай правінцыі? Як павінны былі яны ўспрымаць гэты прадмет (і ці прадмет гэта?), калі самі яны пісалі: «Насіце чорны квадрат…»?

Прынамсі не менш за 5 разоў на тыдзень бачылі яны, калі не выкарыстоўвалі самі, менавіта прадмет, які ўяўляе сабой «чорны куб на чорным квадратным фоне». Гэта тфілін — рытуальны прадмет, што апранаўся юдэямі пры малітве. Зразумела, што чорны куб на чорным фоне і дасць нам шуканы «чорны квадрат на чорным фоне».

Той жа аўтар фіксуе факт нашэння «чорных квадратаў» некаторымі ўдзельнікамі супрэматысцкага руху.

«Квадрат» часам супрацьпастаўляюць т. зв. «беламу цмоку», чыстаму лісту без малюнка, што меў сімвалічнае значэнне ў даасізме.

«Чорны квадрат» у літаратуры

Віктар Пялевін у сваім рамане «Святая Кніга Пярэваратня» піша ад асобы галоўнай гераіні:

…Я люта ірванулася да чорнага квадрата волі, у якім ужо гарэлі першыя зоркі.

Апошнія экспазіцыі

На выставе 2004 года ў варшаўскай галерэі «Захента» «Варшава — Масква, 1900—2000», дзе выстаўляліся больш за 300 карцін, скульптур, усталёвак (у прыватнасці, шмат карцін расійскага авангарду) «Квадрат» з Траццякоўскай галерэі быў прадстаўлены ў якасці цэнтральнага экспаната выстаўкі. Пры гэтым ён быў вывешаны ў «чырвоным куце», як на выставе «0.10».

У 2005 годзе на выставе графікі сучасных мастакоў з краін Цэнтральнай Еўропы «Сэнс жыцця — сэнс мастацтва» (у Расіі была прадстаўлена ў Траццякоўскай галерэі з 8 лістапада4 снежня) экспанаваўся малюнак славенскай арт-групы «IRWIN» — «Тры абразы», дзе чорны квадрат Малевіча вісіць у чырвоным куце. Той жа чорны квадрат з’яўляецца ў малюнках Эрыка Булатава і Леаніда Сокава.

Цікавыя факты

Японская архітэктура.

Ёсць меркаванне, што Казімір Малевіч усяго толькі запазычыў захапленне аскетычнымі элементамі японскай культуры (гл. ілюстрацыю), а потым проста адаптаваў (партаваў) яго прапаганду для савецкай культуры.

Літаратура

Глядзіце таксама

Зноскі

  1. Архівавана 12 лістапада 2008.
  2. Выпіс з ліста Пуні Малевічу
  3. Ідэалогія віцебскага Уновісу, Іерусалімскі Храм і Талмуд Архівавана 26 мая 2008.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Карціны Казіміра Малевіча
Катэгорыя·Карціны са збораў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі
Катэгорыя·Абстракцыянізм
Катэгорыя·Карціны 1915 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Супрэматызм