wd wp Пошук:

Цімафей Сцяпанавіч Барадзін

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Барадзін. Цімафей Сцяпанавіч Барадзін (1 (14) жніўня 1917, г. Гомель — 20 чэрвеня 1942) — партызан Вялікай Айчыннай вайны, кіраўнік аператыўнага цэнтра па каардынацыі дзейнасці падпольных груп у Гомелі, Герой Савецкага Саюза (1965)[1].

Біяграфія

Цімафей Барадзін нарадзіўся 1 (па новым стылі — 14) жніўня 1917 года ў Гомелі ў рабочай сям’і. Скончыў 10 класаў сярэдняй школы, у 1941 годзе — Маскоўскі паліграфічны інстытут[1]. У 1936—1941 гадах працаваў інжынерам на фабрыцы «Палесдрук» у Гомелі. У 1941 годзе ўступіў у ВКП(б). Пачатак вайны сустрэў на будаўніцтве абарончых збудаванняў у Брэсце. Вярнуўшыся ў Гомель, Барадзін звярнуўся ў партыйныя органы з просьбай аб накіраванні яго на падпольную працу. Яго просьба была задаволена, і Барадзін застаўся ў варожым тыле з задачай арганізацыі падрыўной і падпольнай працы ў Гомелі. Пачынаючы са жніўня 1941 года, Барадзін вёў актыўную працу па стварэнні падполля ў горадзе, стварыўшы гарадскі падпольны цэнтр, даводзіў заданне гаркама партыі да падпольных груп і кіраваў іх дзеяннямі[2].

Адной з першых аперацый, зробленай групай Барадзіна, была спроба падрыву элеватара, які павінны былі ажыццявіць Барадзін і яго сястра. Аднак на выхадзе з дому Барадзін быў арыштаваны. Яго сястры, у якой была выбухоўка, удалося своечасова схавацца. Ад Барадзіна запатрабавалі ў трохдзённы тэрмін прадставіць акупацыйным уладам падпісанае 18 мясцовымі жыхарамі даручальніцтва за яго як за лаяльнага да новай улады і не звязанага з падпольнымі арганізацыямі. Калі Барадзін падаў даручальніцтва з подпісамі, яму прапанавалі ўладкавацца на працу інжынерам у друкарні. У верасні 1941 года Барадзін здолеў пабываць у партызанскім атрадзе. На нарадзе з сакратаром Гомельскага гаркама Емяльянам Барыкіным было прынята рашэнне выкарыстаць друкарню, дзе працаваў Барадзін, для патрэб падпольнай працы. У начны час Барадзін сумесна з надзейнымі людзьмі пачаў друкаваць улёткі. Таксама Барадзін у друкарні вырабіў 3 пячаці розных акупацыйных ведамстваў, што дазволіла наладзіць выраб фальшывых дакументаў для падпольшчыкаў і збеглых ваеннапалонных. Група Барадзіна ўстанавіла сувязі з падпольнымі групамі на Гомельскім паравозарамонтным заводзе, электрастанцыі, дрэваабдзелачным камбінаце і шэрагу іншых прадпрыемстваў[1][2].

Дом №46 па вуліцы Пляханава, дзе знаходзілася явачная кватэра групы Ц. С. Барадзіна.
Дом №46 па вуліцы Пляханава (Гомель), дзе знаходзілася явачная кватэра групы Ц. С. Барадзіна.

У канцы лістапада 1941 года група Барадзіна ўзарвала танкавую рамонтную майстэрню. Неўзабаве ёй жа быў знішчаны склад гаручага. Кватэру Барадзіна пасля гэтых акцый абшуквала гестапа, аднак вынікаў гэта не дало. Тады за кватэрай Барадзін было ўстаноўлена назіранне, а побач з ёй пасяліліся два немцы. Увосень 1941 года група Барадзіна ўзарвала рэстаран на Савецкай вуліцы. Пры выбуху загінулі дзясяткі нямецкіх афіцэраў, у тым ліку генерал. Увесну 1942 года група пачала рыхтавацца да знішчэння гарадской электрастанцыі, аднак да таго часу гестапа ішло па яе слядах. 9 мая 1942 Барадзін быў арыштаваны. 20 чэрвеня 1942 года ён быў расстраляны[1][2].

" Родныя! У апошні час пішу вам. Відаць, такі мой лёс, каб памерці ад кулі. Мама, тата, Валя, Тоня, Ліда, Ніна, Жэня, Валодзя, Аркадзь, Саша, калі я быў да каго несправядлівы - прабачце мяне. Дарагія, беражыце сябе, не крыўдзіце адзін аднаго. Тата, беражыце Тоню і Сашу. Прывітанне ў перадсмяротную гадзіну ўсім родным і знаёмым. (апошні ліст Барадзіна, напісаны ім на насоўцы за гадзіну да расстрэлу)[2] "

Узнагароды

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 года за «асаблівыя заслугі, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў» Цімафей Барадзін быў пасмяротна ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Таксама быў узнагароджаны ордэнам Леніна[2].

Памяць

У парку горада Гомеля ўсталяваны помнік Барадзіну. На будынках былой друкарні, фабрыкі «Палесдрук»[3] і дома, дзе ён жыў, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. У гонар Барадзіна названа вуліца ў Гомелі[1][2].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Бородин Тимофей Степанович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 77. — 737 с.
  2. 1 2 3 4 5 6 Цімафей Сцяпанавіч Барадзін на сайце «Героі краіны»
  3. Открыты мемориальные доски Бородину и Ветошкину

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Памерлі ў Гомелі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Гомелі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Гомелі
Катэгорыя·Нарадзіліся 14 жніўня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Расстраляныя
Катэгорыя·Партызаны Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра ваенных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Памерлі ў 1942 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Выпускнікі Маскоўскага ўніверсітэта друку
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Леніна
Катэгорыя·Памерлі 20 чэрвеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1917 годзе
Катэгорыя·Героі Савецкага Саюза