wd wp Пошук:

Царква Святога Доната

Царква Святога Доната (харв.: Crkva sv. Donata) — царква ў Задары. Адна з самых вялікіх цэркваў сярэдневяковай Далмацыі[1].

Гісторыя

Планы і разрэз

Царква адносіцца да познеантычных (храм Юпітэра пры палацы Дыяклетыяна ў Спліце, «Залаты актагон» у Антыёхіі) і дараманскім (капэла ў Ахене) палацавых цэнтрычных культавых збудаванняў. Царква пабудавана ў канцы VIII — першай палове IX стст.[1] у т.зв. першым раманскім стылі, звязаным з ламбардскімі майстрамі[2], у складзе задарскага епіскапальнага комплексу, які існаваў з IV стагоддзя[1], на месцы старажытнарымскага форума. Царква першапачаткова была прысвечана Св. Тройцы. Паводле падання, храм быў перабудаваны біскупам Донатам Задарскім у пачатку IX стагоддзя і з XV ст. стаў насіць яго імя[3]. Згадваецца ў кнізе «Пра кіраванне імперыяй» візантыйскага імператара Канстанціна Парфірароднага (949)[4].

Задарская ратонда, якая была злучана з кафедральнай базілікай Св. Анастасіі і з біскупскай рэзідэнцыяй галерэяй і прыбудовамі, верагодна, выконвала функцыю біскупскай капэлы[1].

У 1830 годзе храм быў значна перабудаваны і ператвораны ў склад; з 1893 па 1954 гады у ім размяшчаўся Археалагічны музей Задара[4].

У царкве сабрана багатая калекцыя прац па метале сярэдневяковых далмацінскіх майстроў. Побач з царквой знаходзяцца разваліны старажытнага форума з фігурамі Юпітэра і Медузы.

Богаслужэнні ў царкве ў наш час не праводзяцца, але з-за добрай акустыкі ў ёй штогод праводзяцца канцэрты сярэдневяковай музыкі.

Архітэктура

Храм са званіцы
Апсіды з мармуровымі калонамі
Храм знутры
Царква Святога Доната і званіца сабора Святой Анастасіі

Царква Святога Доната ўяўляе сабой даволі вялікае (вышыня 26 м, дыяметр 21 м) збудаванне ў выглядзе ратонды з 3 апсідамі і нартэксам. Асноўная частка складаецца з унутранай 3-яруснай ратонды і 2-павярховага дэамбулаторыя[4]. Дэамбулаторый аддзелены ад асноўнай прасторы ўнутранымі апорамі[1]; шырэйшыя праёмы паверхаў насупраць апсід аформлены парамі мармуровых калон. 3-ці ярус ратонды служыць светлавым барабанам з вузкімі вокнамі; верагодна, першапачаткова ён быў увянчаны купалам, у наш час перакрыты драўляным дахам. Падковападобныя ў плане апсіды падымаюцца на вышыню 2 ярусаў. Нартэкс няправільнай формы злучае храм з біскупскім палацам. Знадворку будынак аформлены тыповымі ламбардскімі лізенамі, на апсідах на іх абапіраюцца дэкаратыўныя аркі. Інтэр’ер практычна пазбаўлены дэкору[4].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 А. А. ВОРОНОВА. ДАЛМАТИНСКИЕ ПОЛИКОНХИ И СРЕДНЕВЕКОВЫЕ РОТОНДЫ СЛОВЕНИИ: ПРОБЛЕМА ПРОИСХОЖДЕНИЯ АРХИТЕКТУРЫ. Вестник православного Свято-Тихоновского гуманитарного университета. Серия 5: Вопросы истории и теории христианского искусства. Выпуск № 1 (10) / 2013
  2. Сonant. 1959. Р. 60-61
  3. Vežić P. Crkva sv. Trojstva (sv. Donata) u Zadru. Zagreb, 1985. С. 3-19
  4. 1 2 3 4 Задар // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2002. — 752 с. —  экз. — ISBN

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·З’явіліся ў IX стагоддзі
Катэгорыя·Храмы паводле алфавіта
Катэгорыя·Каталіцкія храмы Харватыі
Катэгорыя·Задар
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Археалагічныя аб’екты ў Харватыі
Катэгорыя·Дараманская архітэктура
Катэгорыя·Цэнтрычныя храмы
Катэгорыя·Архітэктура Візантыі