wd wp Пошук:

Хвошчападобныя

Хвошчападобныя[1], Членістасцябловыя (Equisetopsida, Equisetóphytina) — клас (пададдзел) вышэйшых споравых раслін. Для іх характэрна прысутнасць парасткаў, якія маюць членістую будову, складаюцца з вузлоў і міжвузелляў. У вузлах кальчакамі размешчаны лісты. Гэтай рысай хвошчападобныя рэзка адрозніваюцца ад астатніх безнасенных вышэйшых раслін.

Апісанне

Сучасныя хвошчападобныя — шматгадовыя карэнішчавыя травы са сцябламі ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў, існавалі таксама вымерлыя дрэвападобныя расліны, якія дасягалі 15 м увышыню і больш чым 0,5 м у дыяметры. Раўнаспоравыя расліны (некаторыя выкапнёвыя формы былі разнаспоравымі) з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае, пераважае) і гаметафіту (полавае). Абодва пакаленні фізіялагічна незалежныя і жывуць самастойна.

Праводзячая сістэма сцябла хвошчападобных прадстаўлена актынастэлай (ад грэч. actis — прамень) ці артрастэлай (ад грэч. аrthron — сустаў), ці членістай стэлай, якая складаецца з чаргуючых паміж сабой на працягу сцябла і парасткаў участкаў рознай будовы. Праводзячыя элементы ксілемы прадстаўлены трахеідамі розных тыпаў, а ў хвашчоў нават і сасудамі; флаэма складаецца з сітападобных элементаў і парэнхімных клетак.

Сцёблы зялёныя (фотасінтэзавальныя) або двух тыпаў: бесхларафільныя (спараносныя, хутка адміраюць) і зялёныя (вегетатыўныя). Усе віды сцёблаў бараэнаватыя, расчлянёныя, як і карэнішчы, на вузлы і полыя міжвузеллі (адсюль другая назва). Своеасаблівасць хвашчоў заключаецца ў наяўнасці лістоў сінтэломнага паходжання, якія ў ходзе эвалюцыі падвергліся значнай рэдукцыі. У вузлах кальчакі галін і дробнага, часта лускападобнага і бесхларафільнага лісця, якое зрастаецца похвамі ў трубку.

Стробіл Equisetum arvense

Спарангіі ў верхавінкавых стробілах. Характэрнай рысай хвошчападобных з’яўляецца наяўнасць у іх своеасаблівых спараносных структур — спарангіяфораў, якія адрозніваюцца па сваёй будове ад спарафілаў іншых безнасенных раслін. Кальчакі спарангіяфораў утвараюць на сцябле спараносныя зоны, якія чаргуюцца са звычайнымі вегетатыўнымі лістамі, ці сядзяць на канцах восей і ўтвараюць чыстыя (складаюцца толькі са спарангіяфораў) ці змешаныя (са спарангіяфораў і стэрыльных лістоў) стробілы.

Падземная частка спарафіту — карэнішча з прыдаткавымі каранямі, у некаторых відаў утвараюцца клубеньчыкі, якія назапашваюць крухмал. Для хвашчоў характэрна фарміраванне бакавых каранёў, якія закладваюцца ў апікальнай мерыстэме маладога парастка. Наяўнасць шмат’ярусных карэнішчаў з сістэмай бакавых каранёў двух тыпаў дазваляе расліне не толькі захопліваць новыя тэрыторыі, але і ўтрымліваць іх.

Гаметафіт (зарастак) адна- ці двухполы, зялёны, маленькі (некалькі міліметраў). На гаметафітах утвараюцца антэрыдыі і архегоніі. У антэрыдыях развіваюцца сперматазоіды, у архегоніях — яйцаклеткі.

Апладненне адбываецца пры наяўнасці воднага кропельна-вадкага асяроддзя на паверхні гаметафіту, і з зіготы без перыяду спакою вырастае новае бясполае пакаленне — спарафіт.

Класіфікацыя

Падзяляюцца на 3 класы: хвашчовыя (Equisetaceae), кліналістыя, гіеніевыя (Hyeniales). Паходзяць ад псілафітаў. Вядомы з верхняга дэвону, найбольш пашырыліся ў карбоне, вымерлі ў пачатку мезазою. Прадстаўнікі ўсіх класаў існуюць у выкапнёвым стане, акрамя роду хвошч.

Зноскі

  1. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 144. — 160 с. — 2 350 экз.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Артыкулы з перасягнутай глыбінёй разгортвання
Катэгорыя·Хвошчападобныя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара