Хазалбек Бахцібекавіч Атабекаў (нар. 18 сакавіка 1967[1]) — палкоўнік (з 2007 года), намеснік камандуючага Унутранымі войскамі Рэспублікі Беларусь з 2018 года[2]. Этнічны таджык.
У 1990 годзе скончыў Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча. У 1996 годзе атрымаў крапавы берэт з рук Дзмітрыя Паўлічэнкі. Займаў пасаду камандзіра спачатку роты, а затым і батальёна ўнутраных войскаў.
У 2009[3]—2012 гадах быў камандзірам 3-й асобнай Чырванасцяжнай брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС (вайсковая часць 3214), затым — намеснікам начальніка ўпраўлення баявой і аператыўнай падрыхтоўкі Галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Рэспублікі Беларусь[4].
22 мая 2018 года прызначаны намеснікам камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь[5].
13 жніўня 2020 года на хвалі пратэстаў у Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Атабекава медалём «За бездакорную службу I ступені»[6].
У 2012 годзе Атабекаву забаранілі ўезд у краіны Еўрасаюза[7]. У Чорны спіс Еўрасаюза трапіў за тое, што «камандаваў разгонам дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Мінску з ужываннем празмернай сілы»[8][9]. Еўрапейскія санкцыі былі знятыя 15 лютага 2016 года[10].
2 кастрычніка 2020 года было аб’яўлена, што Атабекаў трапіў у санкцыйныя спісы ЕС (спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС) і ЗША (спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб)[11][12]. ЕС увёў санкцыі супраць намесніка камандуючага ўнутранымі войскамі МУС як адказнага за кампанію рэпрэсій і запалохвання МУС пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года: адвольныя арышты і жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі, у тым ліку катаванні, а таксама запалохванне і гвалт у дачыненні да журналістаў[1][13]. Акрамя таго, Атабекава ў свае санкцыйныя спісы ўключылі Вялікабрытанія[14][15], Канада[16], Швейцарыя[17][18]. 20 лістапада да кастрычніцкага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Украіна[19].