wd wp Пошук:

Фердынанд Поршэ

Фердынанд Поршэ (ням.: Ferdinand Porsche; 3 верасня 1875, Маферсдорф, Аўстра-Венгрыя — 30 студзеня 1951, Штутгарт, Германія) — германскі канструктар аўтамабіляў і бранятанкавай тэхнікі. Заснавальнік кампаніі Porsche. Знакаміты і як стваральнік найпапулярнейшага аўтамабіля XX ст., які ўвайшоў у гісторыю пад імем Volkswagen Käfer.

Біяграфія

Раннія гады

Фердынанд Поршэ нарадзіўся 3 верасня 1875 у маленькім гарадку Мафрсдорф (цяпер Ураціславіцэ, Чэхія) у сям’і судэцкіх немцаў. Бацька — Антон Поршэ, уладальнік аўтамабільнай майстэрні, умелы бляхар, паважаны мясцовымі жыхарамі і нават выбіраўся мэрам гарадка. У Фердынанда былі старэйшыя брат і сястра. Брат загінуў у няшчасным выпадку падчас працы ў майстэрні. Фердынанд пачаў працаваць у бацькавай майстэрні з 15 гадоў, тым часам у яго не было сумненняў, што пойдзе слядамі бацькі. Неўзабаве яго інтарэсы змяніліся, ён вырашыў паступаць у вучылішча. Раніцай ён працаваў у майстэрні, а ўвечары ішоў у вучылішча ў суседні гарадок Райхенберг (цяпер Ліберэц, Чэхія).

Аўтамабільны канструктар

У 1898 годзе ў Поршэ з’явілася рэвалюцыйная ідэя аўтамабіля з электрапрывадам. Ён пачаў працаваць над сваім праектам і неўзабаве выпусціў доследны ўзор, які атрымаўся ўдалым. Машына была кампактнай і хуткай — яна магла перасоўвацца з добрай па тым часе хуткасцю ў 40 км/г, але пры гэтым — цяжкай. Значную частку вагі машыны складалі свінцовыя акумулятарныя батарэі. Іх запас ходу быў невялікі — ад адной зарадкі аўтамабіль мог ехаць прыкладна гадзіну. Прадставіўшы свой аўтамабіль Лонэру ён робіцца галоўным канструктарам фірмы «Lohner» і пачынае распрацоўку больш перспектыўнага аўтамабіля. Неўзабаве такі быў створаны. Ён атрымаў назву Lohner-Porsche, меў два электрарухавіка магутнасцю 2,5 к. с. кожны. Механічнай трансмісіі не было, а электрарухавікі размяшчаліся ў невялікіх ступіцах пярэдніх колаў — гэта быў першы пярэдняпрывадны электрамабіль. Акрамя таго, машына не была выключна электрычнай — на ёй быў і бензінавы рухавік, які круціў генератар. Генератар выпрацоўваў ток, які сілкаваў акумулятары. Тыя ў сваю чаргу сілкавалі электрарухавікі. Такім чынам гэта была першая дэманстрацыя гібрыднай сілавой ўстаноўкі, якая складалася з рухавіка ўнутранага згарання, акумулятараў і электрарухавікоў. Гэтая распрацоўка атрымала Гран-пры Парыжскай сусветнай выставы 1900 года. Лонер лічыў гэты ўзор вельмі ўдалым, і ахвотна ездзіў на ім па горадзе, аднак Паршэ лічыў праект няскончаным.

Аўтамабіль Lohner-Porsche, 1900 год.

У 1906 годзе Поршэ стаў тэхнічным дырэктарам і галоўным канструктарам венскай фірмы, якая вырабляла аўтамабілі Austro-Daimler. Пад яго кіраўніцтва ствараюцца мадэлі Prinz-Heinrich, Sascha, ADM і ADR. За распрацоўку ваеннай тэхнікі (машын з гібрыднымі сілавымі ўстаноўкамі, матораў для дырыжабляў і самалётаў) у гады Першай сусветнай вайны Поршэ, які не меў вышэйшай адукацыі, быў удастоены звання заслужанага прафесара Венскага тэхнічнага щніверсітэта і атрымаў ад кайзера крыж «За заслугі».

У 1923 годзе Фердынанд заняў пасаду галоўнага інжынера штутгарцкай кампаніі Daimler-Benz AG, дзе ўзначаліў распрацоўку гоначнага аўтамабіля з двухлітровы рухавіком. Самымі знакамітымі Mercedes, створанымі пад кіраўніцтвам Поршэ былі спартыўныя S і SS.

У 1930-х гадах Фердынанд Поршэ быў запрошаны ў СССР і пабываў на танкавых і авіяцыйных заводах. Яму прапанавалі пераехаць у СССР разам з усім сваім канструктарскім бюро для працы ў сферы распрацоўкі танкаў, самалётаў і аўтамабіляў. Аднак ён адмовіўся. Пазней, у часы Другой сусветнай вайны, нямецкая разведка патрабавала ад Паршэ звестак пра ваенную прамысловасць СССР – абсталяванне, тэхналогіі і г.д.

6 сакавіка 1931 года ў Штутгарце адкрылася канструктарскае бюро Porsche, якое занялося распрацоўкай рухавікоў усіх тыпаў, а таксама аўтамабіляў і матацыклаў.

Неўзабаве па заказе фірмы Zundapp былі пабудаваны тры асобнікі Volksauto, які стаў правобразам вядомага «Жука» (па-нямецку Käfer). Гісторыкі лічаць, што калі б Поршэ распрацаваў толькі гэтую мадэль аўтамабіля, то яго імя ўсё адно ўвайшло ў сусветную гісторыю аўтамабілебудавання.

Другая сусветная вайна

За час вайны канструктарскае бюро Porsche стварыла ўсюдыходныя на аснове «Жука» і баявыя машыны — цяжкія танкі PzKpfw VI Tiger (P) і «Каралеўскі тыгр», супрацьтанкавую САУ Ferdinand і звышцяжкі танк Maus.

Фердынанд Поршэ, 1940 год.
У канцы 1943 года, у час бамбардзіроўкі саюзнай авіяцыі быў знішчаны ўвесь архіў бюро Поршэ. У пачатку 1944 года года ацалелае абсталяванне і дакументы былі перавезены ў маленькі аўстрыйскі гарадок Гмюнд і размешчаны ў будынку лесапільні. Тут Фердынанд і яго 36-гадовы сын Фердынанд Антон Эрнст (Фэры) сустрэлі канец вайны.

Зноскі

  1. 1 2 Czech National Authority Database Праверана 23 лістапада 2019.
Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Канструктары аўтамабіляў
Катэгорыя·Памерлі ў 1951 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1875 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ліберацы
Катэгорыя·Памерлі ў Штутгарце
Катэгорыя·Выкладчыкі Мюнхенскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Члены НСДАП
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 3 верасня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пахаваныя ў зямлі Зальцбург
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Оберфюрары СС
Катэгорыя·Памерлі 30 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без подпісу