У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Хант.
Уі́льям Хо́лман Хант (англ.: William Holman Hunt; 2 красавіка 1827 — 7 верасня 1910) — англійскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў Брацтва прэрафаэлітаў. Сапраўднае імя — Уільям Хобман Хант, аднак Хант сам змяніў другую частку імя, а пад канец жыцця яна злілася з прозвішчам: Holman-Hunt.
Хант быў студэнтам Каралеўскай акадэміі мастацтваў, дзе пазнаёміўся з Міле і Дантэ Габрыэлем Расеці і разам з імі заснаваў «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ.: Pre-Raphaelite Brotherhood).
Спачатку карціны Ханта не былі асабліва папулярныя, але затым ён набывае вядомасць. Пабыўшы два гады (1854-55) на Усходзе, ён напісаў адну з самых вядомых сваіх карцін — «Святло свету», якая ўзбудзіла ў мастацкай крытыцы гарачыя спрэчкі. Холман Хант быў адзіным, хто да канца застаўся верны дактрыне Брацтва прэрафаэлітаў і захаваў іх маляўнічыя ідэалы да самай смерці, аднак урэшце яму прыйшлося кінуць жывапіс з-за зроку, які ўсё пагаршаўся, і апошняя карціна — «Лэдзі з Шалота» (англ.: The Lady of Shalott) — была скончана памочнікам, Эдвардам Х’юзам. Хант таксама з’яўляецца аўтарам аўтабіяграфій «Прэрафаэлітызм» (англ.: Pre-Raphaelitism) і «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ.: Pre-Raphaelite Brotherhood), мэта якіх — пакінуць дакладныя звесткі пра паходжанне Брацтва і яго членаў.
Хант жаніўся двойчы. Пасля няўдалых заручын са сваёй мадэллю Ані Мілер, ён жаніўся на Фані Во, якая затым паслужыла мадэллю для Ізабелы. Фані памерла пры родах у Італіі і была пахавана на Англійскіх могілках у Фларэнцыі побач з магілай Элізабет Браўнінг. Другая жонка Ханта, Эдзіт, была сястрой Фані. У тыя часы ў Англіі было незаконна жаніцца на сястры загінулай жонкі, і Хант быў вымушаны паехаць для гэтага за мяжу. Гэта жаніцьба прывяла да сур’ёзнай спрэчкі з астатнімі членамі сям’і, асабліва з яго былым калегам-прэрафаэлітам Томасам Вулнерам, жанатым на сястры Фані і Эдзіт Алісе.
Уільям Холман Хант на Вікісховішчы |