wd wp Пошук:

Усходнефрызская мова

Фрызскія мовы на карце Еўропы. Усходнефрызская — светла-блакітным

Усхо́днефры́зская мова (саманазва: Seeltersk) — адна з трох фрызскіх моў, якія ўваходзяць у склад англа-фрызскай падгрупы заходнегерманскай групы германскай галіны індаеўрапейскае моўнай сям’і. Нярэдка мову пазначаюць вузейшым тэрмінам — Затэрла́ндская мова, разглядаючы яе як апошні жывы дыялект уласна ўсходнефрызскай мовы. Распаўсюджаная ў горадзе Затэрланд, што на захадзе нямецкай федэральнай зямлі Ніжняя Саксонія. Цесна звязаная з паўночнафрызскай, распаўсюджанай на крайняй заходняй поўначы Германіі, і заходнефрызскай (распаўсюджаная на паўночным захадзе Нідэрландаў) мовамі, з якімі ўтварае групу фрызскіх моў.

Стараўсходнефрызская мова

Гісторыя развіцця ўсходнефрызскай мовы пачынаецца з перыяду існавання стараўсходнефрызскай мовы, на якой размаўлялі ва Усходняй Фрысландыі — гістарычным рэгіёне, які размяшчаецца паміж рэкамі Лаўэрс (Нідэрланды) і Везэр (Германія); таксама ў гэты рэгіён уваходзілі дзве невялікія мясціны на ўсходнім беразе Везэра.

Стараўсходнефрызскую мову можна падзяліць на дзве дыялектныя групы: везэрскую, распаўсюджаную на ўсходзе, і эмскую (захад арэала мовы). З XVI ст. стараўсходнефрызская паступова страціла ранейшы арэал ужывання пад ціскам навакольных ніжненямецкіх дыялектаў і заняпала.

Выміранне эмскага дыялекту датуецца перыядам прыкладна першае палавіны XVII ст. Перыяд вымірання ўсходняга (везэрскага) дыялекту прыпадае на больш позні час — к пачатку XVIII ст. Найбольш доўга дыялект пратрымаўся на востраве Вангероге, дзе апошні яго носьбіт памёр у 1953 годзе. На цяперашні час стараўсходнефрызская больш не распаўсюджана ў гістарычным рэгіёне Усходняя Фрызія, аднак многія яго жыхары дагэтуль лічаць сябе фрызамі, а свой дыялект ніжненямецкай мовы называюць словам Freesk. Гэты дыялект, у прыватнасці, характарызуецца моцным фрызскім субстратам.

Затэрландскі дыялект

Апошнім жывым дыялектам стараўсходнефрызскай мовы з’яўляецца адзін з дыялектаў эмскай дыялектнай групы — затэрландскі дыялект, пад якім часцей за ўсё і маюць на ўвазе тэрмін усходнефрызская мова. Дыялект распаўсюджаны ў Затэрландзе, які знаходзіцца на поўдзень ад уласна Усходняй Фрызіі. Як мяркуюць даследчыкі, тэрыторыя сучаснага Затэрланда была каланізавана фрызамі Усходняй Фрызіі ў ХІ ст. Дзякуючы знаходжанню Затэрланда сярод непраходных балот і высокаму статусу дыялекту ў параўнанні з ніжненямецкай сярод жыхароў рэгіёна затэрландскі дыялект здолеў добра захавацца на працягу стагоддзяў. Сярод іншых фактараў, што паспрыялі захаванню мовы, адзначаецца таксама і той факт, што па заканчэнні Трыццацігадовай вайны Затэрланд стаў часткай мюнстэрскага біскупства, якое прытрымлівалася каталіцкае царквы, у адрозненне ад астатняй Усходняй Фрызіі, якая на той час ужо стала пратэстанцкай. Гэта стала прычынай абмежавання кантактаў Затэрланда з паўночнымі пратэстанцкімі тэрыторыямі, што таксама магло паўплываць на большае захаванне мовы ў Затэрландзе.

Носьбіты

На цяперашні час ацэнкі ў колькасці носьбітаў усходнефрызскай мовы адрозніваюцца слаба. Агульнае насельніцтва Затэрланда складае прыкладна 10 000 чал., з іх на ўсходнефрызскай размаўляе каля 2250 чал.[2] Паводле некаторых іншых ацэнак на мове можа добра размаўляць каля 2000 чал., з іх крыху менш за палавіну з’яўляюцца носьбітамі ўсходнефрызскай. Падаюцца таксама і іншыя звесткі, згодна з якімі колькасць носьбітаў можа складаць значна большую лічбу, амаль у шэсць з палавінай тыс. чал.[3] Лінгвістычны партал Ethnologue, спасылаючыся на звесткі Салмінена на 2007 год, указвае колькасць носьбітаў у 1000 чал.[4]

Пераважная большасць носьбітаў належыць да старэйшага пакалення, з-за чаго мова знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай знікнення. Між тым, расце колькасць маладых носьбітаў усходнефрызскай мовы, якія выхоўваюць сваіх дзяцей на гэтай мове.

Развіццё

Двухмоўны знак на нямецкай і ўсходнефрызскай (другі радок)

Намаганні па падтрымцы мовы прыкладае арганізацыя Seelter Buund (бел.: «Затэрландскі саюз»).

Побач з паўночнафрызскай і пяццю іншымі мовамі ўсходнефрызская трапіла ў спіс рэгіянальных моў, якія падтрымліваюцца Германіяй паводле Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моў, ратыфікаванай у 1998 годзе. На працягу апошняга стагоддзя развіваецца літаратура на мове.

Асноўная характарыстыка

Фанетыка

Усходнефрызская фанетыка лічыцца вельмі архаічнай, асабліва ў дачыненні да старафрызскай мовы[5]. Ніжэй прыведзена фанетыка паводле даследаванняў Марана Форта[6][7].

Зычны /r/ у складзе часта рэалізуецца як галосны [ɐ].

Кароткія галосныя:

Літара Гук
(паводле IPA)
Прыклад
a[a]fat (тлусты)
ä[ɛ]Sät (нядоўга)
e[ə]ze (яны)
i[ɪ]Lid (канечнасць)
o[ɔ]Dot (немаўля)
ö[œ]bölkje (крычаць)
u[ʊ]Buk (кніга)
ü[ʏ]Jüpte (глыбіня)

Паўдоўгія:

Літара Гук Прыклад
ie[]Piene (боль)
uu[]kuut (кароткі)

Доўгія:

Літара Гук Прыклад
aa[]Paad (шлях)
ää[ɛː]tään (тонкі)
ee[]Dee (цеста)
íe[]Wíek (тыдзень)
oa[ɔː]doalje (супакойваць)
oo[]Roop (вяроўка)
öä[œː]Göäte (жолаб)
üü[]Düwel (д'ябал)
úu[]Múus (мыш)
Літара Гук Прыклад
ai[aːi]Bail (заклад)
au[aːu]Dau (раса)
ääu[ɛːu]sääuwen (сам)
äi[ɛɪ]wäit (вільготны)
äu[ɛu]häuw (штуршок, удар)
eeu[eːu]skeeuw (касы́)
ieu[i.u]Grieuw (перавага)
íeu[iːu]íeuwen (раўніна)
iu[ɪu]Kiuwe (падбародак)
oai[ɔːɪ]toai (жорсткі)
oi[ɔy]floitje (свістаць)
ooi[oːɪ]swooije (качаць)
ou[oːu]Bloud (кроў)
öi[œːi]Böije (парыў ветру)
uui[uːɪ]truuije (пагражаць)
üüi[yːi]Sküüi (падліўка)

На цяперашні час выбухныя ўсходнефрызскай мовы аглушыліся. Між тым, звонкае вымаўленне захоўваецца ў пажылых носьбітаў.

Літара Гук Прыклад
p[p]Pik (крок)
t[t]Toom (аброць)
k[k]koold (халодны)
b[b]Babe (бацька)
d[d]Dai (дзень)
g[ɡ]Gäize (гусь)
Літара Гук Прыклад
g[ɣ,x]Gäize (гусь), Ploug (плуг)
f[f,v]Fjúur (агонь)
w[v]Woater (вада)
v[v,f]iek skräive (я крычу)
s[s,z]säike (шукаць), zuuzje (шаргацець)
ch[x]truch (праз, цераз)
h[h]hoopje (спадзявацца)
Літара Гук Прыклад
m[m]Moud (мужнасць)
n[n]näi (новы)
ng[ŋ]sjunge (спяваць)
j[j]Jader (вымя)
l[l]Lound (зямля [тэрыторыя])
r[r,ɐ]Roage (жыта)
w[w]Kiuwe (падбародак)

Дыялектны падзел

Затэрландскі дыялект падзяляецца на тры гаворкі, якія адпавядаюць тром асноўным сёлам муніцыпалітэта Затэрланд: рамсласкую, шарэльскую і струклінгенскую. Статус літаратурнай мовы замацаваны на рамсласкай гаворцы. Усе тры гаворкі з’яўляюцца ўзаемназразумелымі.

Прыклад тэксту

Прыклад тэксту на ўсходнефрызскай і параўнанне ўсходнефрызскай мовы з некаторымі іншымі германскімі мовамі на прыкладзе гэтага тэксту.

Усходнефрызская:

Die Wänt strookede dät Wucht uum ju Keeuwe un oapede hier ap do Sooken. Паўночнафрызская (бекінгардскі або моорынскі дыялект):

Di dreng aide dåt foomen am dåt kan än mäket har aw da siike. Заходнефрызская:

De jonge streake it famke om it kin en tute har op ’e wangen. Усходнефрызскі дыялект ніжненямецкай мовы:

De Jung straktde dat Wicht üm’t Kinn to un tuutjede hör up de Wangen. Нямецкая:

Der Junge streichelte das Mädchen ums Kinn und küsste sie auf die Wangen. Нідэрландская:

De jongen aaide/streelde het meisje over haar kin en kuste haar op haar wangen. Афрыкаанс:

Die seun streel die meisie oor haar ken en soen haar op haar wange. Англійская:

The boy stroked the girl on the chin and kissed her on the cheeks. Пераклад:

Хлопчык пагладзіў дзяўчынку на падбародку і пацалаваў яе ў шчокі. Зноскі

  1. Атлас зарожаных мовай свету Праверана 24 чэрвеня 2018.
  2. Stellmacher, Dieter. Das Saterland und das Saterländische. — Florian Isensee GmbH, 1995. — ISBN 978-3-89598-567-6.
  3. Fort, Marron C. Das Saterfriesische / Munske. — 2001.
  4. Saterfriesisch | Ethnologue
  5. Versloot, Arjen. Grundzüge Ostfriesischer Sprachgeschichte. — Munske, 2001.
  6. Fort, Marron C. Das Saterfriesische / Munske. — 2001. — С. 411-412.
  7. Fort, Marron C. Saterfriesisches Wörterbuch. — Hamburg, 1980. — С. 64-65.

Літаратура

Спасылкі

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны

на ўсходнефрызскай мове

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Фрызскія мовы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мовы Германіі
Катэгорыя·Мовы і дыялекты паводле алфавіта