Успо́лле[1] (трансліт.: Uspollie, руск.: Усполье) — вёска ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Ходасаўскага сельсавета. На правым беразе ракі Чорная Натапа.
Паводле падання, назва ўзнікла ад размяшчэння паселішча на ўскрайку лесу паблізу поля, а не на самім полі (адкрытай мясцовасці), бо людзям было шкада забудоўваць з цяжкасцю раскарчаваныя ад лесу плошчы.
Мясцовасць была заселена ўжо ў 7 ст. да н.э. - 4 ст. н.э. пра што сведчаць выяўленыя паселішчы земляробаў, а таксама гарадзішча на паўднёвай ваколіцы вёскі і курганныя групы на паўднёвы ўсход ад вёскі.
Вёска ўзнікла напэўна ў сярэдзіне XVI ст. У 1579 годзе ўваходзіла ў Радамскае староства Вялікага княства Літоўскага. У Літоўскай Метрыцы ёсць звесткі пра вёску пад 1596 і 1635 гадамі.
Паводле падання, у час Паўночнай вайны на старажытным гарадзішчы было ўзведзена фартыфікацыйнае збудаванне і стаяла батарэя рускай арміі.
Згадваецца ў 1758 годзе як вёска ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ[2].
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, большасць мясцовай ваколічнай шляхты (каталікоў) не была прызнана ў дваранскіх правах. Ужо на пачатку XIX ст. на шляхецкіх (каталіцкіх) могілках пачынаюць хаваць і мужыкоў (праваслаўных), хоць у вёсцы ёсць і другія, мужыцкія (праваслаўныя), могілкі.
З 1,5 км на захад ад вёскі ёсць крыніца, якая калісьці лічылася гаючай. Праваслаўныя веруючыя наведвалі гэтую крыніцу, служылі там малебны. Станам на 2017 год крыніца вельмі забалочана, застаўся маленькі ключ, веруючыя ўжо не наведваюцца да яго.
Савецкая ўлада ўстаноўлена ў студзені 1918 года. У 1918 годзе адкрыта працоўная школа 1-й ступені, дзе ў 1925 годзе вучылася 82 чалавекі. У 1940 годзе — 91 двор.
У Вялікую Айчынную вайну з 14 ліпеня 1941 г. да 28 верасня 1943 г. акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія спалілі вёску. Пасля вайны адбудавана.[3]
Станам на 2016 год у складзе Мсціслаўскага «Райаграпрамтэхзабеспячэння».
У 2014 годзе Успольскую базавую школу закрылі, вучні з Усполля ездзяць у суседнюю Ходасаўскаю школу.
Станам на 2016 год працуе аддзяленне сувязі, пошта і магазін.
Каля будынка Дома культуры помнік 102 землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай Вайны, у 1965 годзе пастаўлены абеліск.