Урэ́цкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Любанскага раёна Мінскай вобласці. Цэнтр — гарадскі пасёлак Урэчча.
Утвораны 20 жніўня 1924 года ў складзе Слуцкага раёна Слуцкай акругі БССР. Цэнтр — вёска Урэчча (з 15 ліпеня 1935 года — мястэчка, з 27 верасня 1938 года — гарадскі пасёлак). З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Бабруйскай акругі. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Слуцкім раёне БССР. З 21 чэрвеня 1935 года ў Слуцкім Слуцкай акругі. Пасля ўвядзення абласнога падзелу 20 лютага 1938 года ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці. 23 чэрвеня 1940 года гарадскі пасёлак Урэчча выдзелены са складу Урэцкага сельсавета, які быў перайменаваны ў Тэльманаўскі з пераносам цэнтра ў вёску Паўстынь[1].
16 ліпеня 1954 года ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Урэцкага пассавета перададзены населеныя пункты скасаванага Тэльманаўскага сельсавета[2]. 25 снежня 1962 года падчас узбуйнення раёнаў гарадскі пасёлак Урэчча з падпарадкаванай пассавету вёскай Крупенікі перададзены са складу Слуцкага раёна ў Любанскі раён[3]. 29 верасня 2006 года Урэцкі пассавет рэарганізаваны ва Урэцкі сельсавет, да якога далучана тэрыторыя скасаванага Дарасінскага сельсавета з вёскамі Дарасіно, Замошша, Ляскі і пасёлкам Радуга[4].
Паводле перапісу 2009 года насельніцтва сельсавета (без Урэчча) — 810 чалавек[5], з іх 92,8 % — беларусы[6].