Уладзісла́ў Трамбі́цкі гербу «Слепаўрон» (польск.: Władysław Trębicki; 1806, Лінова — 1861, Варшава) — польскі бібліёграф і бібліяфіл, шляхціч Гродзенскай губерні.
Нарадзіўся ў сямейным маёнтку ў Лінове, набытым яго бацькам Вінцэнтам ад генерала Пятра Румянцава[1]. Па смерці бацькі Лінова перайшло да яго сына Багуслава, а Уладзіслаў пасяліўся ў Мікіцічах.
Сабраў вялізную бібліятэку з некалькіх тысяч тамоў, у асноўным польскай і французскай літаратуры. Меў таксама кнігі і рукапісы са збораў Міхаіла Баброўскага, набытыя ў 1847, сярод якіх між іншага Кіеўскі псалтыр і частка Супраслеўскага рукапісу[2]. З цягам часу кнігазбор перастаў змяшчацца ва ўласнай хаце Уладзіслава Трамбіцкага, і ён перавёз бібліятэку ў Лінова да свайго брата. Па смерці Уладзіслава яго бібліятэка амаль цалкам была прададзена Замойскім і апынулася ў Варшаве (у 1944 загінула ў часе пажару). Рэшткі кнігазбору былі вывезены немцамі пасля акупацыі Пружаншчыны ў Першую сусветную вайну[3].
У рукапісах засталіся яго сачыненне «О teatrze w Polsce», а таксама багатыя матэрыялы для польскай бібліяграфіі.