У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Быхавец. Уладзіслаў Тадэвуш Быхавец (? — 10 жніўня 1761) — ураднік Вялікага Княства Літоўскага.
Паходзіў са шляхецкага роду Быхаўцаў герба «Магіла». Сын Самуэля Дабрагоста Банавентуры і Крысціны з Дэнгафаў[1].
Cпярша падчашы менскі (1714—1726 гг.), суддзя Галоўнага трыбунала ВКЛ (1714 і 1736) і староста люцынскі (1718), харужы пяцігорскі знаку Пана падкаморыя ВКЛ (1725) і стольнік ваўкавыскі (1726), суддзя гродскі ваўкавыскі (1727—1736 гг.), затым — падстароста судовы Ваўкавыскага павета (1738—1740) і суддзя земскі ваўкавыскі (1740—1761)[1].
У Ваўкавыскім павеце валодаў маёнткам Раневічы ці Граневічы (1726 г.) і сваёй часткай Лыскава (з Магілёўцамі). 5 сакавіка 1726 заставіў сваю частку Лыскава за 50 000 злотых сваёй жонцы Галене з Біспінгаў. Як вынікае з ліста да маці ад 13 кастрычніка 1734 г., Уладзіслаў Тадэвуш Быхавец меў 47 дымоў[1].
Памёр 10 жніўня 1761 года[1].
Два разы браў шлюб — першы раз у 1726 г. з Галенай Біспінг, суддзянкай земскай старадубаўскай, якой таго ж года . У 1739 г. яго жонкай была ўжо Марыяна Нінеўская[1].
Ад першай жонкі меў сына Яна Мікалая (каля 1732 — ?), а ад другой — сына Ігната (Ігнацыя) і тры дачкі: Тэрэзу, Яганну і Францішку[1].
Тэрэза стала жонкай Антонія Сухадольскага (каля 1750—1799), гаспадара маёнтка Рагозніца, дзе ён у 1791 г. пабудаваў прыгожы палац, які захаваўся да нашых дзён. Тэрэза была бабкай знакамітага польскага мастака-баталіста Януарыя Сухадольскага (1797—1875)[2].
Малодшы сын Ігнацый з жонкай Нявінскай меў сыноў Юзафа, Яна і Антонія[2].