У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ганчароў. Уладзісла́ў Але́гавіч Ганчаро́ў (нар. 2 снежня 1995, Віцебск, Віцебская вобласць, Беларусь) — беларускі скакун на батуце. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2022)[1]. Алімпійскі чэмпіён 2016 года, сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету 2014 і 2015 гадоў, чэмпіён Еўропы 2014 года, сярэбраны прызёр Еўрапейскіх гульняў 2015 года.
Скончыў гімназію № 1 г. Віцебска. На Чэмпіянаце свету 2013 года ў індывідуальных спаборніцтвах заняў 8-е месца, у сінхронных скачках — 6-е месца[2].
Сярэбраны прызёр Еўрапейскіх гульняў 2015 года ў Баку ў індывідуальных і сінхронных скачках. У тым жа годзе на Чэмпіянаце свету ў Одэнсэ стаў срэбраным прызёрам у індывідуальных і сінхронных скачках і бронзавым у камандных спаборніцтвах[2].
На Чэмпіянаце Еўропы 2014 года ў Гімарайншы заваяваў золата ў індывідуальных спаборніцтвах і бронзу ў камандных спаборніцтвах, у сінхронных скачках заняў пятае месца. У тым жа годзе на Чэмпіянаце свету ў Дэйтона-Біч стаў срэбраным прызёрам у сінхронных скачках і бронзавым у індывідуальных спаборніцтвах[2].
На Чэмпіянаце Еўропы 2016 года ў Вальядалідзе заваяваў золата ў індывідуальных і сінхронных скачках і срэбра ў камандных спаборніцтвах[2]. У тым жа годзе дэбютаваў на летніх Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра, дзе ў індывідуальных скачах з адзнакай 61,745 бала заваяваў адзіны залаты медаль Беларусі на гэтых Гульнях.
З’яўляецца студэнтам кафедры гімнастыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.
Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе[3][4].