wd wp Пошук:

Уладзімір Георгіевіч Мулявін

Уладзі́мір Гео́ргіевіч Муля́він (12 студзеня 1941, Свярдлоўск — 26 студзеня 2003, Масква) — беларускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст Беларусі (1979), Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1980), народны артыст СССР (1990), заснавальнік і мастацкі кіраўнік беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».

Біяграфія

Нарадзіўся 12 студзеня 1941 года ў Свярдлоўску. Маці — Акуліна Сяргееўна Палычава, бацька — Георгій Арсенцьевіч Мулявін, абодва працавалі на заводзе «Уралмаш». Бацька пакінуў сям’ю, калі Уладзіміру было 3 гады. У дзіцячым узросце пачаў захапляцца музыкай і 12-гадовым пачаў граць на гітары.

У 1956 годзе — пасля школы паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча, на аддзяленне струнных народных інструментаў. Быў выключаны з вучылішча за захапленне джазам, неўзабаве прыняты назад, але кінуў па ўласным жаданні. У 1959 годзе пазнаёміўся і ў 1960 годзе ажаніўся з Л. Крамальскай. У 1957—1963 гадах працаваў музыкантам у розных абласных філармоніях Урала і Сібіры.

У 1963 годзе прыехаў на працу ў Беларускую дзяржаўную філармонію разам з Л. Крамальскай. У 1964—1967 гадах служыў у музычнай роце паблізу Мінска, потым — у Ансамблі БВА. У музычнай роце ў складзе інструментальнага ансамбля акампаніраваў вакальнаму квартэту, створанаму у вайсковай часці Валерыем Яшкіным, і ўпершыню заспяваў у ім.

Пасля сканчэння службы ў войску вярнуўся ў Беларускую дзяржаўную філармонію, пры якой у 1968 годзе стварыў вакальна-інструментальны ансамбль «Лявоны». У 1970 годзе ансамбль пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна змяніў назву на «Песняры» і пад ёю перамог на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Маскве.

У 1976 ансамбль «Песняры» пад кіраўніцтвам У. Мулявіна гастраляваў у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

За значны ўнёсак у развіццё беларускага эстраднага мастацтва ў 2001 годзе ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года Уладзімір Мулявін трапіў у аўтакатастрофу. Праз 8 месяцаў, 26 студзеня 2003 года, памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі.

Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Творчасць

У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вакальны цыкл «Я не паэта…» (1981) і песенна-інструментальная кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я. Купалы, музычны спектакль «На ўвесь голас» на словы У. Маякоўскага (1988), песенна-інструментальныя кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я. Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы беларускіх і расійскіх паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М. Багдановіча (1991), вакальная кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю. Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драматычных спектакляў і кінафільмаў.

Асабістае жыццё

У 1960 годзе ажаніўся з Лідзіяй Кармальскай (працавала на сцэне ў жанры мастацкага свісту). У 1961 годзе ў іх нарадзілася дачка Марына, а ў 1975 годзе — сын Уладзімір (памёр у 2006 годзе), у 1975 годзе шлюб з Л. Кармальскай быў скасаваны.

Другі раз ажаніўся са Святланай Канстанцінаўнай Слізскай. У 1976 годзе ў іх нарадзілася дачка Вольга.

У 1981 годзе развёўся са С. Слізскай і ажаніўся з актрысай Святланай Пенкінай. У 1982 годзе ў іх нарадзіўся сын Валерый.

Старэйшы брат Уладзіміра Мулявіна — Валерый — загінуў на гастролях у Ялце ў 1973 годзе, малодшая сястра Наталля памерла ў Мінску ў 1998 годзе.

Узнагароды і прэміі

Ушанаванне памяці

Магіла Уладзіміра Мулявіна

У гонар Уладзіміра Мулявіна ў Мінску названы бульвар, там сама ўсталяваны яму помнік (скульптар А. Каструкоў, архітэктар С. Федчанка).

Ацэнкі

Віталь Артыст, франтмен гурта «Без Билета», у 2011 годзе назваў Мулявіна «касманаўтам №1 у беларускай музыцы»[2].

Зноскі

  1. 1 2 (unspecified title) Праверана 12 лютага 2022.
  2. Климов, Олег. Притяжение Земли(руск.) . СБ. Беларусь сегодня (12 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 17 сакавіка 2020. Праверана 17 сакавіка 2020.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (27):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Памерлі ў 2003 годзе
Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
Памерлі ў Маскве
Кампазітары Беларусі
Песняры
Тэнары
Асобы на марках
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Кавалеры ордэна Францыска Скарыны
Народныя артысты СССР
Памерлі 26 студзеня
Нарадзіліся 12 студзеня
Спевакі і спявачкі Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Гітарысты Беларусі
Заслужаныя артысты Беларускай ССР
Нарадзіліся ў Екацярынбургу
Музыканты паводле алфавіта
Асобы
Члены Саюза кампазітараў СССР
Народныя артысты Беларускай ССР
Заслужаныя дзеячы культуры Польшчы
Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
Постаці Беларускай дзяржаўнай філармоніі
Нарадзіліся ў 1941 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных