Уладзімір Іванавіч Мо́туз (18 лютага 1924—5 верасня 1976) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, аўтаматчык 1037-га стралковага палка (223-я стралковая дывізія, 57-я армія, 2-і Украінскі фронт). Поўны кавалер ордэна Славы.
У. І. Мотуз нарадзіўся ў вёсцы Бяланавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў 5 класаў школы ў 1937 годзе.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з лютага 1942 г. Ваяваў на Данскім, Паўднёва-Заходнім, 2-м і 3-м Украінскім франтах.
Аўтаматчык 1037-га стралковага палка чырвонаармеец Уладзімір Мотуз вызначыўся 14 лістапада 1943 г. у баях за вёску Багданаўцы (на паўднёвы захад ад горада Пяціхаткі (Днепрапятроўская вобласць Украіны), адным з першых уварваўся ў размяшчэнне ворага, знішчыўшы вялікую колькасць праціўнікаў, і захапіўшы «языка» з каштоўнымі дакументамі для свайго камандавання.
Загадам па 223-й стралковай дывізіі ад 29 лістапада 1943 года № 042 за мужнасць і адвагу праяўленыя ў баях чырвонаармеец Мотуз Уладзімір Іванавіч узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені.
Камандзір аддзялення ўзвода пешай разведкі 1037-га стралковага палка сяржант Уладзімір Мотуз 22 жніўня 1944 г. у раёне вёскі Танатарн (Малдова) непрыметна падпоўз да агнявой кропкі ворага і закідаў яе гранатамі, знішчыўшы і ўвесь яе разлік, чым спрыяў выкананню баявой задачы падраздзяленнем.
Загадам па 57-й арміі ад 27 кастрычніка 1944 года № 0160 за мужнасць і адвагу праяўленыя ў баях сяржант Мотуз Уладзімір Іванавіч узнагароджаны ордэнам Славы 2-й ступені.
Камандзір аддзялення ўзвода пешай разведкі 1037-га стралковага палка сяржант Уладзімір Мотуз 17 сакавіка 1945 года, у складзе разведвальнай групы, першым уварваўся ў венгерскі населены пункт Баргестеж, знішчыў агнявую кропку, якая перашкаджала руху савецкай пяхоты, узяў у палон двух «языкоў».
У наступных баях перарэзаў кабель сувязі у варожым тыле і захапіў склад боепрыпасаў. 5 мая 1945 года камандуючы 46-й арміяй генерал-лейтэнант Петрушэўскі А. В. падпісаў прадстаўленне да ўзнагароды сяржанта Мотуза У. І. ордэнам Славы 1-й ступені.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1945 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў баях з нямецка-варожымі захопнікамі Мотуз Уладзімір Іванавіч узнагароджаны ордэеам Славы 1-й ступені, стаўшы поўным кавалерам ордэна Славы.
У 1950[1] г. старшына Мотуз дэмабілізаваны. Жыў у пасёлку Муляраўка Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Працаваў механікам. Член КПСС з 1963 года. Удзельнік Парада на Краснай плошчы ў Маскве 9 мая 1985 г. Памер 5 верасня 1996 года.