Тураўскія крыжы — каменныя крыжы XII ст. ў горадзе Тураве і яго наваколлях. Вядома больш за 10 каменных крыжоў у Тураве, Пагосце, Хлупіне, Перарове, Верасніцы, Аздамічах і інш. З’яўляюцца сімвалам веры і прадметам пакланення для хрысціян[1].
Найбольш вядомым з крыжоў з’яўляецца Святы (Тураўскі) крыж (вышынёй 2 м, шырынёй 0,7 м). Да 1979 г. ён стаяў на могілках вёскі Пагост на беразе Прыпяці, пасля быў перавезены ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей, але па просьбе жыхароў быў вернуты назад і цяпер захоўваецца ў царкве вёскі Пагост. У Гомельскім абласным краязнаўчым музеі можна пабачыць 2 іншыя крыжы (вышынёй 1 м, шырынёй 0,6 м), якія стаялі на тураўскіх Барысаглебскіх могілках.
У вёсках Пагост і Верасніца над крыжамі былі пабудаваны капліцы.
Вышыня тураўскіх крыжоў складае ад 1 да 2 м, шырыня ад 0,6 да 1 м. Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя на крыжы вешалі стужкі, лампадкі, пакрывалі іх хусткамі, прыносілі ахвяры — манета, палатно, мяса, рыбу. Да крыжоў накіроўваліся хрэсныя ходы. Асабліва шмат людзей збіралася на Узвіжанне[2][3][4][5].
Паводле паданняў, тураўскія крыжы прыплылі з Кіева уверх па Дняпры і Прыпяці і затым апынуліся сярод палёў; яны нібыта ахоўваюць ад розных хваробаў. Пра адзін з тураўскіх крыжоў расказваюць, што калі бацькі прасілі паслаць выздараўленне іх сыну, то ў небе з’явілася велічная агністая постаць жанчыны, якая сказала, што дапаможа. Хлопчык выздаравеў, і на наступны дзень у Прыпяці знайшлі каменны крыж. Яго выцягнулі на бераг і ўстанавілі на высокім месцы[6].