Трохсоттрыццаціпяцігадовая вайна (нідэрл.: Driehonderdvijfendertigjarige Oorlog) — вайна паміж Нідэрландамі і архіпелагам Сілі, што ўваходзіць у склад Вялікабрытаніі. З-за адсутнасці мірнага дагавора яна фармальна працягвалася 335 гадоў без адзінага стрэлу, што робіць яе адной з самых доўгіх войн у гісторыі і вайной з найменшымі стратамі. Нягледзячы на нявызначаныя дзеянні падчас аб’явы вайны, мір, нарэшце, быў абвешчаны ў 1986 годзе.
Вытокі вайны знаходзяцца ў падзеях Другой англійскай грамадзянскай вайны паміж раялістамі і прыхільнікамі парламента ў перыяд з 1642 па 1652 год. Олівер Кромвель змагаўся з раялістамі на ўскраінах Каралеўства Англія. У Заходняй Англіі Корнуал быў апошняй апорай раялістаў. У 1648 годзе Кромвель захапіў увесь «мацерыковы» Корнуал, і ён аказаўся пад кантролем парламентароў. Флот раялістаў быў змушаны адступіць на астравы Сілі, што ляжаць ля берагоў Корнуала і тады знаходзіліся ва ўласнасці раяліста Джона Грэнвіла.
Флот Злучаных правінцый Нідэрландаў быў злучаны з парламентарамі. Нідэрланды дапамагалі англічанам у перыяд знаходжання пры ўладзе розных кіраўнікоў Англіі, што супаў з Нідэрландскай рэвалюцыяй (1568—1648), пачынаючы з каралевы Лізаветы I Англійскай. Мюнстэрскі мірны дагавор (30 студзеня 1648 года) пацвердзіў незалежнасць Нідэрландаў ад Іспаніі. Нідэрланды імкнуліся захаваць свой саюз з Англіяй і вырашылі ўступіць у саюз з бокам, які перамагаў у грамадзянскай вайне.
Галандскі флот панёс вялікія страты ад флота раялістаў, што базаваўся ў Сілі. 30 сакавіка 1651 года адмірал Марцін Тромп прыбыў у Сілі патрабаваць пакрыцця ад флота раялістаў за знішчаныя галандскія судны і тавары, якія знаходзіліся на іх, аднак сустрэў адмову, пасля чаго абвясціу вайну. Паколькі большая частка Англіі да гэтага часу знаходзілася пад кантролем парламенцкіх сіл, вайна была абвешчана толькі астравам Сілі.
У чэрвені 1651 года, неўзабаве пасля аб’явы вайны, парламенцкія сілы пад камандаваннем адмірала Роберта Блэйка вымусілі флот раялістаў здацца. Нідэрландскі флот, што больш не знаходзіўся пад пагрозай, не зрабіў ніводнага стрэлу. З-за невыразнасці аб’явы адным народам войны маленькай частцы іншага, галандцы не абвясцілі афіцыйна міру.
У 1985 годзе Рой Дункан, гісторык і старшыня савета Сілі, напісаў у галандсквк пасольства ў Лондану прапанову пазбыцца ад міфа, што астравы ўсё яшчэ знаходзяцца ў стане вайны з Нідэрландамі. Супрацоўнікі пасольства выявілі, што фармальна гэта сапраўды так, і Дункан запрасіў галандскага пасла для наведання астравоў і падпісання мірнага дагавора. Мір быў абвешчаны 17 красавіка 1986 года, праз 335 гадоў пасля пачатку «вайны»[1].