Таі́ту Бету́л (таксама проста Таіту) (1851, Эфіопія — 11 лютага 1918, Адыс-Абеба, Эфіопія) — імператрыца Эфіопіі з 1889 па 1913 год і жонка імператара Менеліка II.
Таіту Бетул нарадзілася ў 1851 годзе (дакладная дата не вядомая)[1] у Эфіопіі ў арыстакратычнай сям’і, дзе была трэцім дзіцем з чатырох. Падчас феадальнай раздробненасці ў Эфіопіі продкі Таіту кіравалі ў правінцыі Семіен з дазволу імператара Сусеніяса. Яе бацька, рас Бетул хайле Марыям, паходзіў з дынастыі Саламанідаў, меў далёкія роднасныя сувязі з імператарскай сям’ёй, а бабка — маці раса Бетула — была дачкой раса Гугі, выхадца з народа арома, які перайшоў у хрысціянства з ісламу і займаў пасаду рэгента ў Гондэры ў перыяд «Эры прынцаў». Маці будучай імператрыцы, Іюбдар, таксама паходзіла са знатнай гондэрскай сям’і. Нарэшце, шырока вядомы ў імперыі быў дзядзька Таіту, дэджазмах Вубэ хайле Марыям, які ў 1840-х гадах кіраваў у Паўночнай Эфіопіі і быў канкурэнтам эфіопскага імператара Тэадраса II.
Пасля чатырох няўдалых шлюбаў Таіту выйшла замуж за цара Шоа, будучага імператара Менеліка II, і ў 1889 годзе, пасля яго ўзыходжання на прастол, стала імператрыцай Эфіопіі.
У адрозненне ад папярэдніх жонак эфіопскіх імператараў, Таіту Бетул адагрывала ў палітычным жыцці дзяржавы важную ролю і прымала ў ім непасрэдны ўдзел. У прыватнасці, яна ўзначальвала кансерватыўную фракцыю ў судзе, якая супрацьстаяла мадэрністам і прагрэсістам, якія імкнуліся рэфармаваць Эфіопію па еўрапейскім узоры. Перад Першай італа-эфіопскай вайной яна займала цвёрдую пазіцыю ў адносінах да Італіі і яе імкненню ператварыць Эфіопію ў свой пратэктарат. Калі пачаліся ваенныя дзеянні, Таіту асабіста адправілася на поўнач краіны з мужам і ўзначаленай ім Імператарскай арміяй. Яна прысутнічала на пазіцыях і падчас бітвы пры Адуа, якая скончылася разгромам італьянскіх войскаў, што прывяло да капітуляцыі Італіі.
Аднак у 1900-х гадах імператрыца стала страчваць сваю папулярнасць у народзе. Таіту, у адрозненне ад свайго мужа, была куды больш катэгарычнай і няўступлівай у стаўленні да праблем сваіх падданых, што не магло не адбіцца на іх стаўленні да яе[2]. Сітуацыя абвастрылася яшчэ мацней, калі ў 1906 годзе здароўе Менеліка II пагоршылася, і Таіту пачала прымаць рашэнні самастойна, ад яго імя. Імператрыца злоўжывала кумаўством, прызначаючы на дзяржаўныя пасады сваіх сваякоў і фаварытаў і абураючы гэтым сваіх палітычных супернікаў. Асаблівую абуранасць гэта выклікала сярод арыстакратаў Тыграі і Шоа, а таксама прыхільнікаў фармальнага спадчынніка прастола Ліджа Іясу, якія асцерагаліся пераходу ўлады ў рукі Таіту пасля смерці імператара. Так, у 1910 годзе яна была вымушана сысці з палітычнай арэны, саступіўшы месца рэгента расу Тэсеме Надэу.
Да самай смерці Менеліка II у 1913 годзе Таіту даглядала за хворым мужам. Пасля яго смерці на трон узышоў Іясу. Ён выслаў імператрыцу-ўдаву ў стары палац у Энтота, дзе калісьці адбылася каранацыя яе і Менеліка.
Калі ў 1916 годзе ў Эфіопіі адбыўся палацавы пераварот, і да ўлады прыйшла Заўдыту, дачка Менеліка II ад другога шлюбу, яна зноў запрасіла Таіту ў Адыс-Абебу. Вярнуўшыся, яна пасялілася ў прыгарадзе сталіцы, дзе і сканала 11 лютага 1918 года[3]. Пахавалі Таіту Бетул побач з мужам, у саборы Святой Тройцы ў Адыс-Абебе.