wd wp Пошук:

Таварыства беларускай асветы

Таварыства беларускай асветы (ТБА) — культурна-асветная арганізацыя ў Заходняй Беларусі ў 19321937 гг.

Створана ў Вільні на аснове Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), зарэгістравана 22 снежня 1932 г. Арганізатары і кіраўнікі А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, А. Трэпка, Я. Шнаркевіч, С. Кароль, Я. Бартуль, В. Манкевіч і інш. 3 1933 г. выдавала газету «Родны край».

Мэты

Паводле статута мэтай ТБА з’яўлялася «праца над развіццём беларускай культуры, пашырэннем школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове, уздымам маральнага ўзроўню і вывучэннем польскай культуры, культурных адметнасцей іншых народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі».

Дзейнасць

Таварыства беларускай асветы знаходзілася пад арганізацыйным кіраўніцтвам беларускай санацыі. Першапачаткова было заяўлена, што таварыства не будзе ставіць «вузкіх мэтаў той ці іншай партыі», а абмяжуецца адным культурніцтвам. У 1933 г. пачалі ўтварацца гурткі, адкрыты 33 бібліятэкі-чытальні, наладжваліся лекцыі, спектаклі вандроўных тэатраў, разгорнута выдавецкая дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця беларускіх школ, умацавання ўцалелых Віленскай і Навагрудскай беларускіх гімназій, выступала супраць паланізацыі, хоць не адмаўляла супрацоўніцтва з польскімі культурна-асветнымі арганізацыямі, асуджала палітычныя рэпрэсіі ў БССР.

Кіраўніцтва ТБА заклікала Таварыства беларускай школы (ТБШ) да сумесных школьных акцый, але імкнулася не дапусціць заходнебеларускую моладзь да ўдзелу ў палітычнай барацьбе. Дзейнасць ТБА жорстка крытыкавалі дзеячы КПЗБ і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). ТБА праследавалася польскімі ўладамі, адчувала фінансавыя цяжкасці. Эфектыўнай працы таварыства перашкаджалі ўзаемныя спрэчкі. А. Луцкевіч і А. Трэпка імкнуліся адстойваць незалежніцкія погляды, не ўхвалялі паланізацыю, настойвалі на збліжэнні ТБА з БХД; Р. Астроўскі выступаў за супрацоўніцтва з рэжымам санацыі, супраць паразумення з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі. Пасля іх канчатковага разрыву ў 1934 г. дзейнасць ТБА прыйшла ў заняпад. 3-за палітычных меркаванняў таварыства адмовілася далучыцца да заключанага ў лютым 1936 г. пагаднення паміж ТБШ і Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры аб адзінстве дзеянняў у школьнай справе, назваўшы яго «акцыяй Камінтэрна».

Арганізацыя забаронена польскімі ўладамі 20 жніўня 1937 г.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·З’явіліся ў 1932 годзе
Катэгорыя·Арганізацыі Заходняй Беларусі
Катэгорыя·Зніклі ў 1937 годзе